Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 жніўня 2019, 19:31

Выстава ўдзельнікаў конкурсу "Трыенале маладых мастакоў" адкрыецца ў Мінску 14 жніўня

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мастацкая выстава па выніках рэспубліканскага конкурсу "Трыенале маладых мастакоў", які ўпершыню праходзіў у Беларусі, адкрыецца ў Палацы мастацтва 14 жніўня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька.

"Экспазіцыю выставы складуць каля 150 лепшых твораў, адзначаных адборачнай камісіяй. У час работы выставы журы вызначыць лаўрэатаў у кожнай намінацыі. Наведвальнікі выставы таксама змогуць аддаць свае галасы за работу, якая спадабаецца, і вызначыць лаўрэатаў у намінацыі "Глядацкая сімпатыя", - расказаў дырэктар.

Рэспубліканскі конкурс праводзіцца па дзевяці намінацыях: "Скульптура", "Жывапіс", "Графіка", "Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва", "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва", "Навацыя (арт-праект, інсталяцыя)", "Мастацтвазнаўства і мастацкая крытыка", "Куратарскі праект у галіне выяўленчага мастацтва" і "Глядацкая сімпатыя". У кожнай намінацыі вызначаюцца дзве групы ўдзельнікаў. Да першай адносяцца студэнты і навучэнцы, да другой - вучоныя, педагогі, музейныя і творчыя работнікі. "Больш за ўсё ўдзельнікаў у намінацыі "Жывапіс". Імёны пераможцаў мы аб'явім 23 жніўня ў 17.00 на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання. Лаўрэаты атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 60 БВ (1 БВ - Br25,5)", - расказаў Павел Сапоцька.

Ён выказаў меркаванне, што Беларусі неабходна такое комплекснае мерапрыемства, накіраванае на папулярызацыю і дэманстрацыю твораў маладых аўтараў, стымуляванне іх да актыўнай творчай, навуковай і куратарскай дзейнасці ў сферы выяўленчага мастацтва, а таксама выяўленне новых імён. "Форма выбрана правільна і рацыянальна. Трыенале праводзіцца раз у тры гады. Задача конкурсу - выявіць лепшых, заахвоціць, стварыць неабходныя ўмовы для развіцця іх творчасці", - дадаў дырэктар музея.

На трыенале прыйшло шмат работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Сярод удзельнікаў - студэнты ВНУ, навучэнцы каледжаў, індывідуальныя аўтары - работнікі культуры і адукацыі. "Усяго ў нашым творчым спаборніцтве ўдзельнічала каля 200 работ. Экспазіцыя, якая будзе дэманстравацца з 14 па 25 жніўня ў Палацы мастацтва, будзе цікавай, таму што работы разнастайныя і па тэхніцы выканання, і па жанрах, і па ідэйна-тэматычнай задуме", - падкрэсліў Павел Сапоцька.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры, Нацыянальны гістарычны музей, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз мастакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі