Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 сакавіка 2019, 12:51

Выстава ў Палацы мастацтваў раскажа аб творчасці мастачкі Ліліі Нішчык

27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу, скульптуры і керамікі "Візуалізацыя. Творчы шлях" вядомай беларускай мастачкі Ліліі Нішчык, прымеркаваная да 50-гадовага юбілею аўтара, пройдзе з 29 сакавіка па 9 красавіка ў Палацы мастацтваў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі.

Экспазіцыя аб'ядноўвае творы мастацтва, якія былі створаны Ліліяй Нішчык на працягу 35 гадоў. У праект увайшлі больш як 40 жывапісных работ, сярод якіх нацюрморты, партрэты, пейзажы і каля 40 скульптур і керамічных арт-аб'ектаў, а таксама амаль 25 прадметаў дробнай пластыкі - кубкі, чайнікі, талеркі.

"Мая выстава - гэта падвядзенне вынікаў творчага шляху. Яе назва гаворыць аб тым, што ў ёй будзе прадстаўлена мая візуалізацыя вобразаў, прасторы і часу. Цэнтральнае месца экспазіцыі - міфалагемы архаікі Беларусі. Я паспрабавала адлюстраваць узаемасувязь паміж мінулым, сучасным і будучым. Міфалагемы, створаныя нашымі продкамі, увасабляюцца праз маё асэнсаванне ў новых творах, якія, адпаведна, пераходзяць у будучыню", - расказала Лілія Нішчык.

Яна адзначыла, што яе творы даволі складаныя па форме і змесце, яна імкнулася напоўніць іх глыбокім сэнсам, які нацэльвае на разважанні і выклікае цікаўнасць да пытанняў чалавечага быцця.

Лілія Нішчык - выпускніца Мінскага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Удзельнічае ў выставах з 1988 года. Член Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў. Яе творы знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага цэнтра сучасных выяўленчых мастацтваў Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага гістарычнага музея, дзяржаўнага мастацкага музея Бабруйска, Лідскага і Гродзенскага дзяржаўных гісторыка-археалагічных музеяў, Музея гісторыі горада Мінска, Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага, Нацыянальнага музея Кітая, Дзяржаўнага музея сучаснага мастацтва Францыі, а таксама ў пасольствах Беларусі ў Францыі, Германіі і іншых краінах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі