Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 студзеня 2019, 14:07

Выстава ў НММ азнаёміць з працэсам рэстаўрацыі твораў мастацтва

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Адкрыццё сапраўднага", прымеркаваная да 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея адкрыецца 25 студзеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА куратар праекта загадчык сектара рэстаўрацыі старажытнабеларускага мастацтва музея Аляксандр Лагуновіч-Чарапко.

Праект дэманструе вынікі карпатлівай працы рэстаўратараў і супрацоўнікаў сектара хіміка-фізічных даследаванняў музея. "Будуць прадстаўлены больш за 80 прадметаў мастацтва на розных этапах работы, пачынаючы ад навуковых даследаванняў, працэсу іх аднаўлення і стану пасля завяршэння рэстаўрацыі. Над экспанатамі на працягу некалькіх гадоў працаваў калектыў з 26 чалавек. Такія выставы адкрываюць для гледача адзін з важнейшых напрамкаў музейнай дзейнасці - захаванне і рэстаўрацыю твораў мастацтва", - расказаў Аляксандр Лагуновіч-Чарапко.

Паводле яго слоў, гэта выстава - магчымасць для наведвальнікаў зазірнуць у рэстаўрацыйныя майстэрні. "Многія творы не толькі жывапісу, але і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва доўгі час заставаліся невядомымі шырокаму колу гледачоў і аматараў мастацтва з-за дрэннай захаванасці. Правядзенне работ па аднаўленні артэфактаў і наданні ім экспазіцыйнага выгляду дае магчымасць запоўніць прабелы ў гісторыі мастацтва, узбагаціць нацыянальную культуру. За апошнія 10 гадоў гэта чацвёртая выстаўка, якая прадстаўляе рэстаўрацыйную дзейнасць музея. Але на гэты раз мы зрабілі даволі шырокую экспазіцыю, якая размясцілася ў пяці залах. Акрамя твораў у працэсе або пасля рэстаўрацыі мы паказваем сектар фізіка-хімічных даследаванняў, якія заўсёды папярэднічаюць рэстаўрацыйным працэсам", - адзначыў куратар праекта.

Гаворачы пра творы мастацтва, якія ўвайшлі ў экспазіцыю, Аляксандр Лагуновіч-Чарапко асабліва вылучыў партрэт Януша Радзівіла, які прыпісваюць пэндзлю Даніэля Шульца. "Ён цяпер праходзіць рэстаўрацыю, у выніку якой мы адкрываем зусім іншы партрэт. Таксама будуць прадстаўлены яшчэ некалькі буйнафарматных твораў у працэсе аднаўлення. Я думаю, што гэта вельмі будзе цікава гледачам. Гэта як прыйсці ў майстэрню да рэстаўратара і ўбачыць твор мастацтва ў працэсе работы", - сказаў рэстаўратар.

Наведаць выставу "Адкрыццё сапраўднага" можна будзе па 17 сакавіка. Як чакаецца, у час яе работы 12 сакавіка пройдзе навукова-практычная канферэнцыя "Рэстаўрацыя рухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей: сучасны стан і перспектывы развіцця". Заяўкі на ўдзел у міжнародным форуме падалі ўжо спецыялісты з Літвы, Расіі і Украіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі