11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава дзесяці фатографаў "Па краінах і кантынентах", арганізаваная секцыяй Photo Travel Club Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў, адкрыецца ў арт-гасцёўні "Высокае мѣста" 14 сакавіка, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
"Экспазіцыя ўяўляе сабой своеасаблівы візуальны расказ вопытных падарожнікаў-фатографаў аб нашым шматгранным свеце. Здаўна падарожнікі імкнуліся зафіксаваць хараство навакольнага свету, паколькі сустракаючы прыгожае, хочацца захаваць яго, зрабіць часткай свайго жыцця. Аўтары выставы не абмяжоўваюцца строга краявідамі, а ўключаюць жанравыя сцэны, партрэт і многае іншае, звязанае з візуальнымі ўражаннямі фатографаў", - расказалі арганізатары.
Работы прафесійных фатографаў - Юрыя Бірукова, Андрэя Бортнікава, Андрэя Дубініна, Ланы Красікавай, Галіны Ламака, Уладзіслава Руты, Дзмітрыя Рухленкі, Уладзіслава Сакалоўскага і інш. - паказваюць Ісландыю, Індыю, Італію, Манголію, краіны Афрыкі і іншыя, папулярызуючы travel-фатаграфію ў Беларусі і адначасова збіраючы аднадумцаў.
У час праекта прадугледжана інфармацыйна-адукацыйная праграма.
Выстава прадоўжыцца па 31 сакавіка.-0-