Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 ліпеня 2019, 12:42

Выстава работ савецкага мастака і скульптара Вадзіма Сідура адкрываецца ў Мінску

10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маштабны выставачны праект "Вайна і Мір Вадзіма Сідура" адкрыецца сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца аддзела інфармацыйна-выставачнай работы музея Дар'я Аўчыннікава.

Вадзім Сідур - савецкі мастак і скульптар, авангардыст, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. За сваё жыццё стварыў больш за 500 скульптур, 2 тыс. графічных работ, зборнік вершаў, кнігу авангарднай прозы, кінафільм. Помнікі яго аўтарства ўстаноўлены ў Германіі, ЗША, Расіі.

У экспазіцыю ўвайшло каля 50 работ Вадзіма Сідура з фондаў дзяржаўнай установы культуры горада Масквы "Музейна-выставачнае аб'яднанне "Манеж", а таксама творы з прыватных калекцый. Разнастайнасць работ дае магчымасць найбольш поўна прадставіць асноўныя вехі творчасці майстра ў розныя перыяды яго жыцця. Выстава задумана як перасовачная экспазіцыя, здольная з дапамогай асноўных модуляў адаптавацца пад розныя музейныя і іншыя выставачныя прасторы. У 2016-2019 гадах праект быў паказаны ў Маскве, Страсбургу, Люксембургу, Берліне, Санкт-Пецярбургу, Волагдзе і Кастраме, чарговы прыпынак - Мінск.

"Вадзім Сідур - унікальная асоба. Яго работы ўпершыню будуць выстаўляцца ў Беларусі. Сярод іх: скульптура, графіка, кераміка, разьба па лінолеуме. Акрамя вядомых скульптур, у экспазіцыю таксама ўключаны менш знаёмыя шырокаму колу наведвальнікаў творы. Акрамя таго, праект дасць магчымасць даведацца пра Вадзіма Садура як празаіка. Будуць прадстаўлены і яго вершы", - расказала Дар'я Аўчыннікава.

Работы, адабраныя для выставы, звяртаюцца да вечных пытанняў агульначалавечых каштоўнасцей, зразумелых усім незалежна ад нацыянальнасці і ўзросту. У гэтых творах - жах вайны і насільнай смерці, існуючая небяспека глабальнай экалагічнай катастрофы, пошук гармоніі ў няўстойлівым свеце, пакланенне перад стваральнай сілай чалавечага генія і веліччу чалавечых пачуццяў. Творы Сідура прымушаюць па-іншаму паглядзець на навакольны свет, даюць магчымасць глыбей прааналізаваць тое, што адбываецца вакол, дазваляюць зазірнуць у будучыню і, можа, змяніць яе да лепшага.

Пры ўсёй самастойнасці і нават адасобленасці творчых пошукаў мастака імя Вадзіма Сідура немагчыма аддзяліць ад яго эпохі. Асоба майстра стаіць у адным радзе з такімі геніямі авангарда, як Генры Мур, Альберта Джакамеці, Канстанцін Бранкузі.

Выставачны праект "Вайна і Мір Вадзіма Сідура" будзе працаваць у Нацыянальным гістарычным музеі па 28 ліпеня. Яго арганізатарамі выступаюць дзяржаўная ўстанова культуры горада Масквы "Музейна-выставачнае аб'яднанне "Манеж", Нацыянальны гістарычны музей і прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі