Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 студзеня 2021, 18:20

Выстава работ класіка ваеннага фотамастацтва Яўгена Халдзея адкрылася ў Брэсцкай крэпасці

6 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" прэзентавалі выставу работ ваеннага фотакарэспандэнта Яўгена Халдзея "Сцяг Перамогі", прысвечаную 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Алена Міцюкова.

Выстава размясцілася ў адной з залаў экспазіцыі "Музей вайны - тэрыторыя міру". Яна падрыхтавана Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтрам РАСФОТА пры падтрымцы Міністэрства культуры Расіі ў рамках нацыянальнага праекта "Культура". "Гэта была наша ініцыятыва, з якой мы выйшлі на РАСФОТА. Такіх праектаў у нас раней не было. У мінулым годзе фотавыстава дэманстравалася ў многіх гарадах Расіі, а таксама ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мы захацелі паказаць яе ў Брэсцкай крэпасці", - расказала Алена Міцюкова.

Класік савецкага фотамастацтва ваенных гадоў, аўтар знакамітага здымка "Сцяг Перамогі над рэйхстагам" Яўген Халдзей лічыцца адным з самых знакамітых савецкіх фатографаў, якія занатавалі для нашчадкаў падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыі прадстаўлена 50 фотаздымкаў. У кожнага з іх свая гісторыя. Напрыклад, "Сямёра ідуць у разведку", з якой вярнуліся толькі трое. Або фатаграфія з серыі "Руіны Севастопаля", якія разглядалі ў якасці доказаў злачынстваў фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.

Фотаздымкі Яўгена Халдзея - гэта не столькі сведчанні ваеннага часу, колькі эмацыянальнае перажыванне. Гераізм і мужнасць звычайнага чалавека, радасць перамог і боль паражэнняў, страты блізкіх людзей - усё гэта ваенны фотакарэспандэнт ТАСС перажыў сам. Яго работы прасякнуты болем за краіну і гарачым жаданнем дажыць да Перамогі.

Папярэдне, фотавыстава "Сцяг Перамогі" будзе экспанавацца ў Брэсцкай крэпасці па 25 лютага. Не выключана, што тэрмін работы экспазіцыі будзе падоўжаны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі