Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 кастрычніка 2018, 12:51

Выстава памяці вядомага графіка Яўгена Куліка адкрыецца 30 кастрычніка ў Мінску

26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава графікі вядомага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Яўгена Куліка "Душой адданы Беларусі", прысвечаная 80-годдзю з дня яго нараджэння, адкрыецца 30 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

У экспазіцыі памяці мастака будзе прадстаўлена каля 80 работ, выкананых у розных тэхніках графікі. Яўген Кулік ствараў іх з 1956 па 2001 год і ахапіў мноства гістарычных тэм і сюжэтаў. "На выставе будуць прадстаўлены зробленыя з натуры пранікнёныя пейзажныя замалёўкі цэркваў, курганоў, млыноў. Асаблівае месца адведзена малюнкам-рэканструкцыям усіх важнейшых беларускіх замкаў і вобразаў беларускіх князёў-воінаў Усяслава Чарадзея і Давыда Гарадзенскага, асветнікаў Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Прадэманструем таксама і кніжную графіку мастака - ілюстрацыі да "Слова аб палку Ігаравым" і паэмы Мікалая Гусоўскага "Песня пра зубра". Многія карціны выставім упершыню, напрыклад, чатыры буйныя рэканструкцыі замкаў, рэканструяваны партрэт паўстанцаў 1863 года, раннія эскізы партрэтаў бацькоў, якія ён зрабіў, калі быў яшчэ студэнтам, аўтапартрэт. Увесь жыццёвы шлях мастака мы пакажам праз яго работы", - расказаў куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея Юрый Піскун.

Выстава будзе працаваць да 2 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Яўген Кулік (1937-2002) - вядомы беларускі мастак, грамадскі і культурны дзеяч, майстар кніжнага мастацтва, станковай графікі, малюнка і жывапісу. Пасля вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер БДЯМ) працаваў мастацкім рэдактарам у часопісе "Бярозка", займаў пасаду старшыні камісіі Беларускага саюза мастакоў па народным мастацтве. Працаваў у жанрах гістарычнага партрэта, эпічнага, гістарычнага і ландшафтнага пейзажа, рэканструкцыі замкавай архітэктуры Беларусі і іншых помнікаў гісторыі і культуры. У 1981 годзе за афармленне паэмы Мікалая Гусоўскага "Песня пра зубра" адзначаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны. Узнагароджаны шматлікімі дыпломамі айчынных і замежных конкурсаў кніжнай графікі. Творы Яўгена Куліка захоўваюцца ў музейных зборах Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі