Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 кастрычніка 2020, 09:01

Выстава памяці Івана Фяцісава адкрылася ў Мастацкім музеі Брэста

30 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Мастацкім музеі ў Брэсцкай крэпасці 29 кастрычніка адкрылася выстава, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння мастака Івана Фяцісава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Экспазіцыю, якая размясцілася ў дзвюх залах, складаюць прыкладна 70 работ Івана Фяцісава. Некаторыя ўзяты з фондаў абласнога краязнаўчага музея, але большасць раней нідзе не выстаўлялася. Гэта жывапісныя і графічныя карціны з прыватнай калекцыі, эцюды, эскізы, незавершаныя палотны, а таксама фатаграфіі і асабістыя рэчы майстра, прадастаўленыя дачкой брэсцкай мастачкай Настассяй Фяцісавай.

Іван Фяцісаў працаваў у розных жанрах станковага жывапісу, ствараў сюжэтна-тэматычныя карціны, лірычныя пейзажы, спраектаваў і аформіў экспазіцыі шэрага музеяў Брэсцкай вобласці. Але перш за ўсё яго лічаць непераўзыдзеным партрэтыстам.

"Ён настолькі ўмеў адчуваць характар чалавека - не кожнаму мастаку гэта ўдаецца. Пісаў на злобу дня. Вось на Бярозаўскай ГРЭС будоўля пачалася - ён туды паехаў, маляваў, зрабіў амаль 100 партрэтаў. Маляваў простых людзей такімі, якія яны былі ў жыцці. Яму, дарэчы, гэта часам ставілі ў віну", - адзначыла Настасся Фяцісава.

На вернісажы сваімі ўспамінамі падзяліліся тыя, хто блізка ведаў мастака, гучалі вытрымкі з яго ваеннага дзённіка, пісем. Вечар памяці даў магчымасць па-новаму паглядзець на творчасць майстра, педагога і грамадскага дзеяча, якім запомніўся Іван Фяцісаў. Мастак-франтавік, які нарадзіўся ў Разанскай губерні, у 1947 годзе прыехаў у Брэст і назаўсёды звязаў сваё жыццё з гэтым горадам, стаўшы адным з заснавальнікаў рэгіянальнага аддзялення Беларускага саюза мастакоў.

"Такія мастакі, як Іван Фяцісаў, з гадамі толькі да нас набліжаюцца. Як гаворыцца, вялікае бачыцца на адлегласці", - выказаў меркаванне паэт Мікалай Аляксандраў.

"Яго работы розныя: адна ў класічнай манеры зроблена, побач - зусім іншая, экспрэсіўная. Ён быў у пошуку. Я толькі пасля акадэміі, калі сама стала крыху разумець у жывапісе, усвядоміла, які гэта майстар, прафесіянал сваёй справы, стала захапляцца і шанаваць яго творчасць", - прызналася Настасся Фяцісава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі