Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 студзеня 2024, 17:01

Выстава "Навагодніх фарбаў карагод" у Гродне сабрала больш за 140 святочных экспанатаў

Фота арганізатараў
Фота арганізатараў
4 студзеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Работы лепшых майстроў народнай творчасці з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці прадстаўлены на выставе дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва "Навагодніх фарбаў карагод" у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (АМЦНТ). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара цэнтра Наталля Рамановіч.

Калядныя зоркі, саламяныя анёлы, ялінкі з натуральных матэрыялаў, керамічныя званочкі, карціны і вышыўкі на калядныя сюжэты, дрэвы з шышак, святочныя вянкі з прыродных матэрыялаў - усяго тут размясцілася больш за 140 экспанатаў, якія ствараюць навагоднюю атмасферу.

"Выстава ў дэманстрацыйнай зале АМЦНТ сабрала лепшыя работы таленавітых майстроў, створаныя ў 2023 годзе, - расказала Наталля Рамановіч. - Разам з тым на ёй прадстаўлены народныя традыцыі святкавання Новага года і Каляд. Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць саламяныя павукі. Гэтыя залацістыя вырабы суправаджалі нашых продкаў на працягу ўсяго іх жыцця. Павукоў вешалі над дзіцячай калыскай, над маладымі ў час вяселля, пад столлю ў самым ганаровым месцы - у чырвоным куце сялянскай хаты. Іх плялі з саломы, збіраючы мноства фігур у выглядзе пірамідак або ромбаў. Былі таксама распаўсюджаны шарападобныя павукі, якія нагадвалі сонца праменепадобнымі нагамі. Цікава, што першыя такія абярэгі вырабляліся напалову з саломы і адварной бульбы. Лічылася, што саламяны павук ўпрыгожвае дом, прыносіць багацце, здароўе, ахоўвае. Нашы продкі верылі, што ў яго павуціне "заблытваюцца" ўсе беды і хваробы, таму ў канцы года было прынята спальваць старых павукоў і замяняць іх новымі".

Разам з дырэктарам цэнтра Кацярынай Хільмончык адкрывалі выставу Дзед Мароз і Снягурачка. Радавалі гасцей і калядоўшчыкі - творчы калектыў Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці філіяла Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра культуры. Выстава будзе працаваць да 19 студзеня.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі