23 сакавіка, Віцебск /Аляся Пушнякова - БЕЛТА/. У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (АМЦНТ) з 24 сакавіка па 22 красавіка пройдзе абласная выстава-конкурс па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве "Велікодныя ўзоры". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў АМЦН.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены пераважна работы майстроў, якія займаюцца народнымі рамёствамі. У конкурсе будуць удзельнічаць культработнікі дамоў і цэнтраў рамёстваў, устаноў дадатковай адукацыі, народныя калектывы і індывідуальныя майстры.
Гэта ўжо традыцыйнае мерапрыемства, якое праходзіць у вобласці напярэдадні Вялікадня і прысвечана гэтаму вялікаму царкоўнаму святу. Амаль усе раёны Віцебшчыны, акрамя Аршанскага раёна і Наваполацка, прадставяць вырабы, выкананыя ў розных традыцыйных тэхніках: саломапляценне, лозапляценне, ганчарства, вышыўка, вязанне, бісерапляценне і іншыя. Наведвальнікі змогуць палюбавацца кветкавымі кампазіцыямі, карцінамі з велікоднымі сюжэтамі, разгледзець і ўзяць на заметку незвычайны роспіс яек, убачыць кампазіцыі і інсталяцыі на святочную тэму. Абрусы, посуд, ручнікі, сувеніры, дэкаратыўныя ўпрыгажэнні - усе работы народных майстроў будуць прадстаўляць лакальныя асаблівасці вырабу і рысы, уласцівыя рамёствам у канкрэтнай мясцовасці. Акрамя таго, культработнікі прадэманструюць і некаторыя сучасныя віды прыкладной творчасці, напрыклад мылаварэння і скрапбукінгу.
Па выніках выставы-конкурсу журы выбера прызёраў у розных намінацыях, а пераможцам разам з дыпломам уручаць памятныя прызы, якія спатрэбяцца майстрам у рабоце.-0-