Сцяг Аўторак, 16 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 чэрвеня 2024, 18:03

Выстава фотакарэспандэнта БЕЛТА, прысвечаная Дням Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары", адкрылася ў Віцебску

6 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Віцебску адкрылася фотавыстава вядучага фотакарэспандэнта БЕЛТА Аляксандра Хітрова "Адзін творца, тры дзесяцігоддзі і тысячы кадраў плёнкі", прысвечаная Дням Саюзнай дзяржавы на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Экспазіцыя размяцілася ў новым скверы каля канцэртнай залы "Віцебск". Роўна 33 здымкі расказваюць пра гісторыю Дзён Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары" - столькі ж сутак засталося да адкрыцця 33-га фестывалю мастацтваў.

Кожны здымак - асобная гісторыя фестывальнага праекта. Як адзначылі арганізатары, жамчужына гэтай калекцыі - фота кіраўніка дзяржавы ў час выступлення на канцэрце адкрыцця чарговага форуму ў Летнім амфітэатры. Ёсць здымак, як у той час дзяржаўны сакратар СД Павел Барадзін на сцэне Летняга амфітэатра ўручае ўзнагароду дырэктару і заснавальніку "Славянскага базару" Радзівону Басу. На іншых здымках - у час размовы з гасцямі форуму і ўрачыстай часткі другі дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, а таксама Дзмітрый Мезенцаў, які цяпер займае гэту пасаду.

Знакаміты голас фестывалю Алена Спірыдовіч дае інтэрв'ю на цырымоніі адкрыцця імянной зоркі на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Высокую ўзнагароду прымае Дзіяна Гурцкая, народная артыска СССР Эдзіта П'еха з унукам Стасам П'ехам разам выступаюць у Летнім амфітэатры, тут жа расійская спявачка Зара з цеплынёй абдымае юную паклонніцу, якая выйшла да яе на сцэну з кветкамі.

Выставы, рэпетыцыі, канцэрты, захопленыя твары гледачоў і асобныя эфектныя нумары - унікальная экспазіцыя прадстаўляе фестывальную фотахроніку. Праекты міжнароднага форуму занатаваны вядучым фотакарэспандэнтам аддзела па падрыхтоўцы і выпуску фотаінфармацыі рэдакцыі візуальнай інфармацыі БЕЛТА Аляксандрам Хітровым. Больш як за 30 гадоў работы ў агенцтве і з моманту старту "Славянскага базару" майстар праз аб'ектыў фотакамеры расказвае пра ўсе фестывальныя эпохі. Ён сфатаграфаваў зорак рознай велічыні: Уладзіміра Мулявіна, Рыгора Лепса, Патрысію Каас, экс-саліста Deep Purple Джо Лін Цёрнера і іншых. Першыя здымкі на фестывалі ў Віцебску ім былі зроблены яшчэ на плёначных фотаапаратах.

Выстава падрыхтавана да 25-годдзя з даты падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Згодна з планамі, праект будзе экспанавацца да Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў лістападзе.-0-
Фота Алега Клімовіча
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі