
4 мая, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Гродне сёння адкрыецца выстава этнапрадметаў традыцыйнай культуры "Нам засталася спадчына". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
"На выставе, адкрыццё якой адбудзецца ў 15.00 у дэманстрацыйнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, будзе прадстаўлена традыцыйнае ткацтва, вырабы з саломы і лазы, выцінанка, ганчарная справа, драўляная скульптура і жывапіс унікальнага наіўна-рэалістычнага характару", - сказалі ў цэнтры.
Як удакладнілі ва ўстанове, выстава сабрала яркія ўзоры народнай творчасці пачатку ХХ стагоддзя: тканыя ручнікі, дываны, паясы, калекцыі прадметаў побыту і элементы народнага адзення Панямоння. На выставе сабраны прадметы з этнаграфічных калекцый раённых музейных залаў, створаныя на базе клубаў. Яны даюць уяўленне пра багацце і нацыянальны каларыт традыцый як рэгіянальнай, так і ў цэлым беларускай культуры, яе арнаментальную сімволіку.
Выстава будзе працаваць па 9 чэрвеня.-0-