Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 кастрычніка 2021, 16:02

Выстава да 455-годдзя прыняцця Статута ВКЛ 1566 года адкрылася ў НББ

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэматычная выстава, прысвечаная 455-годдзю прыняцця Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года, адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

"У лістападзе 1551 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст даў згоду на стварэнне заканадаўчай камісіі ў мэтах удасканалення Статута 1529 года. Кіраўніком камісіі стаў Мікалай Радзівіл Чорны. Работа над другім Статутам доўжылася больш за дзесяць гадоў, - расказалі ў НББ. - У другі Статут увайшлі нормы практычна ўсіх існаваўшых тады галін права, яны былі адлюстраваны ў 14 раздзелах і 267 артыкулах. Прыняты дакумент аказаўся большым па аб'ёме, чым Статут 1529 года, лепшым па сістэматызацыі матэрыялаў і ўзроўні кадыфікаванай тэхнікі. Ён быў напісаны на беларускай мове, зразумелай простаму насельніцтву, і некалькі разоў перакладаўся на лацінскую, польскую, нямецкую, рускую і іншыя мовы".

Як адзначаецца, вядома 58 рукапісных тэкстаў Статута: 13 на беларукай мове, 40 на польскай, 5 на лацінскай. "Гэты дакумент доўгі час служыў прыкладам і ўзорам сістэматызацыі заканадаўства. Многія яго палажэнні апярэджвалі свой час і мелі выразны праграмны характар, арыентаваны на будучае, што выводзіла яго ў лік самых прагрэсіўных еўрапейскіх законаў свайго часу", - падкрэслілі ў бібліятэцы.

Экспазіцыя налічвае больш за 70 дакументаў, сярод якіх - кнігі, перыядычныя выданні, электронныя аптычныя дыскі. Тэматычныя раздзелы праекта расказваюць аб гісторыі складання і прыняцця Статута, яго ролі ў развіцці айчыннага канстытуцыйнага права, станаўленні судовага ладу, прававым рэгуляванні асноўных інстытутаў грамадзянскага і сямейнага права Беларусі па Статутах ВКЛ.

Выстава зацікавіць навуковых работнікаў, выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў юрыдычных і гістарычных факультэтаў, палітолагаў - усіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй дзяржавы і права.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі