Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 снежня 2020, 14:53

Выстава да 250-годдзя з дня нараджэння Бетховена праходзіць у Акадэміі музыкі

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэматычная выстава "Сусветна вядомы кампазітар Людвіг ван Бетховен", прысвечаная 250-годдзю з дня нараджэння нямецкага стваральніка класічнай музыкі, праходзіць у нотна-навуковай бібліятэцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

У экспазіцыі прадстаўлены нотныя выданні вядомых твораў Бетховена для фартэпіяна, партытуры сімфанічных твораў, вакальныя творы, зборнікі дакументальных матэрыялаў, навуковыя даследаванні і артыкулы. Дапаўняюць экспазіцыю фотадакументы, а таксама CD-дыскі і грампласцінкі з фартэпіяннымі і сімфанічнымі творамі кампазітара ў выкананні праслаўленых майстроў.

"Жыццёвы шлях кампазітара быў няпросты. Складаныя сямейныя абставіны, нарастаючая глухата, неразуменне сучаснікамі яго творчасці - усё гэта наклала адбітак на яго асобу, - адзначылі арганізатары. - Бетховен з гонарам прайшоў усе жыццёвыя выпрабаванні, не страчваючы сілы духу і ствараючы музыку, напоўненую стваральнай энергіяй і верай у людзей і высокія ідэалы гуманізму. Цяпер складана знайсці чалавека, не знаёмага з музыкай вялікага кампазітара. Напрыклад, "Für Elise", мелодыя "An die Freude" з чацвёртай часткі Дзявятай сімфоніі. Гэтыя творы сталі своеасаблівымі шлягерамі, з якіх для многіх слухачоў пачаўся займальны працэс паглыблення ў свет класічнай музыкі".

Наведаць выставу можна да 10 студзеня 2021 года.

Людвіг ван Бетховен - кампазітар, дырыжор, педагог, адзін з трох венскіх класікаў і самых яскравых прадстаўнікоў еўрапейскай культуры Новага часу. Музыцы Бетховена ўласцівыя яркая эмацыянальнасць, высокі, патэтычны тон выказвання, злучаны з класічнай суразмернасцю і яснасцю формы. У агульнай колькасці ён пакінуў нашчадкам больш за 240 твораў, сярод іх - дзевяць завершаных сімфоній, пяць фартэпіянных канцэртаў і 18 струнных квартэтаў. Большасць твораў уключана ў навучальны і канцэртны рэпертуары, а сам кампазітар - адзін з найбольш часта выконваемых у свеце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі