Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 красавіка 2019, 14:11

Выстава да 200-годдзя з дня нараджэння Манюшкі адкрылася ў пасольстве Беларусі ў Расіі

12 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. У дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

"Станіслаў Манюшка - музычны класік сусветнага значэння, - сказаў, адкрываючы святочны вечар, старшы саветнік пасольства кіраўнік дзелавога і культурнага комплексу Васіль Чэрнік. - Кампазітар увайшоў у гісторыю як родапачынальнік дзвюх нацыянальных опер. Яму належыць аўтарства першага беларускага ("Ідылія") і першага польскага ("Галька") оперных шэдэўраў. Ён аўтар шматлікіх аперэт і балетаў. У ЮНЕСКА аб'явілі 2019-ы Годам Манюшкі".

Дыпламат нагадаў: нягледзячы на тое што Станіслаў Манюшка пакінуў Мінск, родны горад заўсёды вабіў кампазітара. Тут праходзілі яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі: "Канторскія служачыя", "Латарэя", "Рэкруцкі набор". У салонах мінскай інтэлігенцыі XIX стагоддзя гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам. У яго творчай спадчыне, акрамя опер, аперэт, рамансаў, кантат, больш за трыста песень на словы Міцкевіча, Чачота, Сыракомлі, Адынца, Зана і іншых, аб'яднаных у дванаццаць "Хатніх спеўнікаў".

Гасцям вечара быў прадстаўлены канцэрт, цалкам складзены з твораў кампазітара. Праграму выканалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і лаўрэаты і ўладальнікі дыпломаў I Рэспубліканскага адкрытага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі.

Акрамя таго, у дыпмісіі адкрылася выстава Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, у экспазіцыі якой прадстаўлены копіі малюнкаў бацькі кампазітара: пейзажы, партрэты сваякоў. На выставе таксама можна ўбачыць нотныя зборнікі, афішы, фатаграфіі пастановак на сцэнах тэатраў і творы сучасных беларускіх мастакоў, створаныя да юбілейнай даты.

Вечар у пасольстве наведалі прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Выканаўчага камітэта СНД, Еўразійскай эканамічнай камісіі, дзеячы навукі, культуры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Масквы, беларускай дыяспары.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі