Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 студзеня 2019, 12:09

Выстава Беларускага саюза фатографаў "#дом207595" адкрылася ў Мінску

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава Беларускага саюза фатографаў "#дом207595" адкрылася ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА куратар экспазіцыі, намеснік старшыні саюза фатографаў Марына Бацюкова.

"Наша выстава мае своеасаблівую назву "#дом207595". Слова "дом" абазначае Беларусь, дзе жывуць, працуюць і ствараюць цудоўныя людзі. Затым у назве ідуць лічбы "207 595" - такая плошча нашай краіны ў квадратных кіламетрах. А хэштэг мы ўвялі, каб атрымліваць водзывы наведвальнікаў у сацыяльных сетках. Таксама вельмі спадзяёмся, што да праекта далучацца іншыя аўтары, якія працуюць з творчай фатаграфіяй, і наша выстава будзе мець працяг", - адзначыла Марына Бацюкова.

У экспазіцыі прадстаўлена каля ста работ 20 аўтараў з рэгіёнаў Беларусі. Мэта выставы - паказаць, як развіваецца сёння сучасная нацыянальная фатаграфія. "У Мінску, іншых гарадах ёсць шмат таленавітых, удумлівых аўтараў, творчасць якіх трэба паказваць шырокай аўдыторыі. У невялікіх серыях або асобных работах яны засяроджваюць увагу гледачоў на цікавых момантах жыцця, на тварах і постацях людзей, іх ведах, перадаюць атмасферу сваёй мясцовасці", - падкрэсліла куратар выставы.

Значную частку экспазіцыі займаюць работы з Магілёва. Гледачам прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з кнігай "Магілёўскі фотаальбом. 1864-2000 ", у якім разам з гістарычным экскурсам у мінулае фатаграфіі змешчана партфоліа аўтараў рэгіёна пачынаючы з 1864 года. Яго складальнікі - фатографы Аляксандр Ліцін і Ірына Савосіна. "Мы прадстаўляем 44 работы 12 аўтараў, многія з якіх размешчаны і ў гэтым выданні. У асноўным гэта аналагавая фатаграфія. Вельмі цікава ўбачыць жывыя здымкі, бо яны адрозніваюцца ад лічбавых і якасцю адценняў, і чорным колерам, і глыбінёй прадумвання, і рэтраспектыўным падыходам аўтараў", - расказала Марына Бацюкова.

Паводле яе слоў, цікавыя работы прывёз Аляксандр Зазуля з Мазыра, Вячаслаў Бахметаў з Гомеля, які стварае фатаграфіі спосабам гуміалейнага друку, і Сяргей Курыла з Гродна, чыя чорна-белая работа з серыі "Дом, дзе жыве надзея" прадэманстравана на афішы выставы.

"Мы імкнёмся папулярызаваць фатаграфію як від мастацтва. Экспазіцыяй мы запрашаем аўтараў прыходзіць у саюз фатографаў і разам з намі ствараць новыя праекты", - дадала куратар.

Выстава "#дом207595" будзе працаваць па 21 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі