Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 ліпеня 2021, 15:42

Выстава аб загінулых вязнях Мінскага гета і зніклых мястэчках адкрылася ў музеі гісторыі ВАВ

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая экспазіцыя "Лінія жыцця і смерці. Памяці Мінскага гета і яўрэйскіх мястэчак Беларусі", прымеркаваная да 80-годдзя стварэння Мінскага гета, адкрылася сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

19 ліпеня 1941 года палявы камендант вермахта выдаў загад аб стварэнні Мінскага гета. 20 ліпеня 1941 года загад быў абнародаваны. Мінскае гета стала адным з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе ў гады Другой сусветнай вайны. "Найбуйнейшае ў Беларусі Мінскае гета, якое было створана 80 гадоў таму, праіснавала два гады тры месяцы і тры дні. Праз яго прайшлі амаль 120 тыс. яўрэяў, якія жылі тут у нечалавечых умовах. Яны любілі, гадавалі дзяцей, змагаліся, імкнуліся выжыць, ішлі ў партызаны, ваявалі. Але, на жаль, амаль усе яны былі па-зверску забіты - застацца жывымі ўдалося нямногім. Чым большы тэрмін аддзяляе нас ад жудасных падзей халакосту і чым менш жывых сведак застаецца сярод нас, тым больш увагі мы павінны ўдзяляць захаванню памяці. І ў Беларусі шмат робіцца ў гэтым напрамку", - падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Алекс Гольдман-Шайман.

Паводле яго слоў, адна з найважнейшых мэт у справе захавання памяці - стварэнне ўмоў, якія робяць немагчымым паўтарэнне трагедыі халакосту. "Ніколі больш" - гэта не проста словы, гэта адно з абавязацельстваў дзяржавы Ізраіль перад яўрэйскім народам і перад усім светам. Гэта перасцярога ўсім, хто адмаўляе халакост, сее зерне нянавісці і ксенафобіі і спрабуе культываваць антысемітызм. Як пасол я хачу падкрэсліць, што сучасны Ізраіль выступае гарантам таго, што яўрэяў ніколі больш не загоняць у гета - ні ў Тэрэзіенштаце, ні ў Варшаве, ні ў Мінску", - дадаў Алекс Гольдман-Шайман.

Выстава створана ў памяць аб загінулых вязнях гета і зніклых беларускіх мястэчках. Часовая экспазіцыя прадстаўляе серыю жывапісных работ мастака Юрыя Крупянкова пра даваеннае жыццё яўрэяў у беларускіх мястэчках і пра іх трагічны лёс у гады нацысцкай акупацыі 1941-1944 гадоў. Юрый Крупянкоў ствараў прадстаўленыя ў праекце палотны на працягу 25 гадоў. "Мяне хвалюе гэта тэма, і я перыядычна да яе вяртаюся. Так, тут можна ўбачыць зусім свежыя работы, напісаныя за апошні час, - расказаў ён. - Спадзяюся, што мае карціны дапамогуць акунуцца ў перадваенны перыяд - я спрабаваў паказаць гэты свет чароўным, каб усе мы разумелі, якую частку культуры страцілі. Другая частка экспазіцыі - непасрэдна аб трагедыі халакосту, якая, безумоўна, кантрастуе з мірным жыццём".

Аб'ёмныя прадметы з фондавых калекцый музея, сугучныя зместу карцін, арганічна дапаўняюць і паглыбляюць тэму. Фотадакументальны матэрыял раскрывае наведвальнікам жахлівыя злачынствы нацыстаў супраць яўрэяў у гета Мінска і іншых месцах Беларусі.

"У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ёсць два бакі - як гераічны, так і трагічны. І якой цаной далася нам гэта перамога, мы добра ведаем: Беларусь страціла трэць насельніцтва, пры гэтым больш за 800 тыс. з гэтай колькасці - людзі яўрэйскай нацыянальнасці. Разам з супрацоўнікамі музея мы хочам данесці гэты трагічны момант гісторыі да людзей, паказаць увесь жах таго, што здарылася на вайне і яшчэ раз нагадаць, што гэта ніколі не павінна паўтарыцца", - сказаў дырэктар музея Уладзімір Варапаеў.

Старшыня дырэкцыі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау (IBB) Віктар Балакіраў звярнуў увагу, што тэма Мінскага гета да гэтага часу застаецца актуальнай. "Мы сведчым, што ў апошнія гады цікавасць да яе ўзрасла: з'яўляюцца публікацыі, жыццяпісы сведак ваенных падзей, рэалізуюцца сацыяльныя праекты. Дзяржаўныя структуры, грамадскія аб'яднанні і творчыя саюзы працуюць у гэтым напрамку, такім чынам захоўваючы імёны тых, хто загінуў, і аказваючы ўвагу тым, хто яшчэ з намі. Кааперацыя беларускіх структур з замежнымі архівамі, аб'яднаннямі, міжнароднымі арганізацыямі дае магчымасць раскрыць гэту тэму, вывучыць яе невядомыя старонкі, такім чынам стварыць палітру трагедыі не толькі беларускага, але і еўрапейскага яўрэйства. Самае галоўнае для ўсіх нас - захаваць памяць аб загінулых у Мінскім гета і тых, хто выжыў там, і ніколі не забываць. Інакш гэта можа паўтарыцца", - адзначыў ён.

Удзельнікамі-партнёрамі, якія прадаставілі матэрыялы для гэтага выставачнага праекта, выступілі Музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна ў Мінску, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў імя У.Г. Каменскага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі