ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Серада, 21 красавіка 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 снежня 2020, 10:22

Выстава аб трансфармацыі савецкіх ёлачных цацак адкрылася ў галерэі Савіцкага

Фота з архіва
Фота з архіва

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святочная выстава "Што расце на ёлцы?" адкрылася ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі БЕЛТА ў Музеі гісторыі горада Мінска.

"Гісторыя ёлачнай цацкі налічвае стагоддзі, і многія згодзяцца, што ў старых навагодніх упрыгажэннях ёсць асаблівы шарм. Найбольш цэняцца савецкія цацкі. За сваю гісторыю навагоднія ўпрыгажэнні перажылі не адну трансфармацыю. Выстава дасць магчымасць прасачыць за традыцыяй вытворчасці ёлачнай цацкі і тэндэнцыямі ва ўпрыгожванні ёлкі. Паглядзець на навагоднюю калекцыю будзе цікава тым, хто сам упрыгожвае ёлку цацкамі, якія засталіся з савецкіх часоў, і тым, хто выбірае сучасныя ўпрыгажэнні, але любіць эстэтыку савецкага Новага года", - адзначылі арганізатары.

Экспанатамі сталі шары, фігуркі, гірлянды і верхавінкі, выпушчаныя ў 1940-1980 гадах. Большасць прадстаўленых цацак сабрала мінчанка Алена Кастрыцкая. На выставе ёсць вырабы з розных матэрыялаў: шкла, ваты, пластмасы, кардону. Наведвальнікі змогуць убачыць як разнастайнасць ёлачных шароў з рознымі відамі пакрыцця, напыленнем і роспісам, так і больш замыславатыя формы - ледзяшы, ліхтарыкі, шышкі. Дэманструюцца і больш рэдкія экзэмпляры - ватныя і шкляныя цацкі ў выглядзе персанажаў казак, людзей розных прафесій і народаў СССР. "У экспазіцыі ёсць карданажныя і шкляныя фігуркі жывёл, мантажныя цацкі з пацерак і шклярусу, гірлянда са сцяжкоў, карнавальныя маскі. Прапануецца таксама паглядзець і на рэпрадукцыі навагодніх выпускаў дзіцячых часопісаў 1957-1962 гадоў", - падкрэслілі ў музеі.

Акрамя таго, у гасцей будзе магчымасць паглядзець архіўныя відэа аб тым, як сустракалі Новы год у Мінску ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі. "Музей запрашае акунуцца ў святочную атмасферу, успомніць дзяцінства і маладосць, больш даведацца пра тое, як адзначалі зімовыя святы ў мінулым стагоддзі", - сказалі арганізатары.

Наведаць выставу можна па 17 студзеня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі