ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 4 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -6°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 студзеня 2022, 10:55

Выстава "30 гадоў першай беларускай галерэі" адкрылася ў НББ

Фота з архіва
Фота з архіва

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "30 гадоў першай беларускай галерэі" да юбілею аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі "Брама" адкрылася 12 студзеня ў галерэі "Ракурс" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы з'яўляемся не толькі храмам кнігі, але яшчэ і храмам мастацтва, творчасці. Асабліва з таго моманту, як пераехалі ў новы будынак бібліятэкі, - сказала ў час адкрыцця генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аксана Кніжнікава. - Дзякуючы гэтаму з'явілася магчымасць у такім прыгожым "алмазе ведаў" праводзіць шмат мерапрыемстваў. У бібліятэцы ёсць пяць цудоўных галерэй. Спадзяёмся, што і "Брама" будзе існаваць шмат гадоў".

Праект прадстаўляе рэтраспектыўны дайджэст 30 гадоў існавання некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі. На яе рахунку - каля 300 выстаў і праектаў, у тым ліку міжнароднага фармату. Экспазіцыі ўпрыгожвалі фестывалі і прэм'еры, адкрывалі новыя імёны.

Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга павіншаваў праект з круглай датай і адзначыў яго важнасць у культурным жыцці горада.

"За гэтыя гады многія галерэі закрываліся і адкрываліся, а "Брама" жыве. І яна ж абсалютна некамерцыйная. Тут сабраны работы зорак беларускага канцэптуальнага мастацтва. Большасць з іх з'яўляюцца сябрамі Беларускага саюза мастакоў. Гэта вялікая работа і значная падзея для культурнага жыцця сталіцы. Я рады, што такая галерэя ёсць і на працягу 30 гадоў мы маем сувязь з ёй", - падкрэсліў ён.

Усяго за 30 гадоў існавання "Брамы" каля 500 удзельнікаў выстаў прадстаўлялі тут свае творчыя работы.

У экспазіцыі сабраны творы розных мастакоў і майстроў. Розніца паміж іх стварэннем можа дасягаць 40 гадоў. Экспанаты прадстаўляюць шырокую палітру відаў, жанраў і стыляў. Тут ёсць жывапіс, скульптура, графіка. Разнастайны і матэрыял у рабоце - тэкстыль, метал, шкло, кераміка, фарфор.

Куратар праекта - заснавальніца першай галерэі суверэннай Беларусі - аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі "Брама", член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўцаў Ларыса Фінкельштэйн.

Цудоўныя ўзоры беларускага выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва будуць даступны для публікі да 1 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі