Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лютага 2021, 11:11

Выстаўку работ графіка і скульптара-авангардыста Давіда Якерсона пакажуць у НММ

9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Манаграфічная выстаўка да 125-годдзя з дня нараджэння скульптара і графіка Давіда Якерсона адкрыецца 10 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

Наватар і традыцыяналіст, ледзь не адзіны прадстаўнік скульптурнага супрэматызму, член вядомага авангарднага аб'яднання УНОВІС Давід Якерсон з'яўляецца яркім прадстаўніком Віцебскай мастацкай школы, творчасць якога ва ўсёй паўнаце будзе прадстаўлена ў залах мастацкага музея.

"Калекцыя творчых работ Давіда Якерсона, якая захоўваецца ў зборы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, - гэта сапраўды ўнікальная з'ява, асабліва на фоне ўсіх вялікіх страт айчынных мастацкіх каштоўнасцей першай палавіны ХХ стагоддзя. На экспазіцыі, якая мае рэтраспектыўны характар і ахоплівае практычна ўвесь творчы шлях майстра, будуць прадстаўлены больш за 100 графічных работ і скульптур, а таксама архіўныя фатаграфіі, што дасць магчымасць ацаніць усю разнастайнасць скульптара і графіка, мастацтва якога не ўкладваецца ў рамкі аднаго творчага метаду", - адзначылі ў музеі.

Наведвальнікі змогуць убачыць эксперыменты ў духу кубізму і экспрэсіянізму, пленэрныя гарадскія замалёўкі Віцебска, наватарскія супрэматычныя творы 1920-х гадоў, фігурную скульптуру 1930-х гадоў, якая прадстаўляе выявы "некананічнай прыгажосці" асоб іншых рас.

"Стылявая разнастайсць работ скульптара і графіка наглядна паказвае не толькі эвалюцыю светапогляду самога майстра, але і бурныя ідэалагічныя і мастацкія змяненні, якія адбываліся ў мастацтве першай палавіны ХХ стагоддзя. Яго творчасць, як і яго жыццё, - гэта люстэрка часу", - падкрэслілі ў НММ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі