Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 сакавіка 2022, 11:18

Выстаўка-прэзентацыя ўнікальнай знаходкі са старажытнага кляштара адбудзецца ў Музеі кнігі

9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сапраўдны кніжны скарб, які нядаўна быў знойдзены ў адным з беларускіх кляштараў, прэзентуюць у Музеі кнігі 10 сакавіка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Наведвальнікі змогуць убачыць незвычайную знаходку - фрагмент архіва старажытнай друкарні: неразрэзаныя і незбрашураваныя лісты кніг XVII і XVIII стагоддзяў, падрыхтаваныя для пераплётных работ. "На кожным з друкарскіх лістоў размяшчаецца па восем старонак тэксту, якія ў далейшым павінны былі адпаведным чынам складвацца ў сшыткі, перашывацца разам, абразацца і пераплятацца ў прывычную нам сёння форму кнігі-кодэкса", - расказалі арганізатары.

Па невядомых спецыялістам прычынах частка тыражу двух выданняў не прайшла адпаведную апрацоўку і засталася ў стосах з асобных лістоў, якія на працягу некалькіх стагоддзяў захоўваліся ў старажытным Брыгіцкім кляштары ў Гродне. Унікальныя кніжныя скарбы былі знойдзены ў мінулым годзе ў час паездкі ў гэты горад намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандра Сушы, які атрымаў згоду царкоўных улад на перадачу каштоўнай знаходкі ў галоўную бібліятэку краіны.

Дзякуючы ўнікальнай знаходцы наведвальнікі выстаўкі змогуць даведацца аб тым, як друкаваліся кнігі ў мінулыя стагоддзі, асэнсаваць і візуальна прадставіць старажытную тэхналогію складання і пераплёту выдання. "Сёння мы нават можам гаварыць аб змесце і назвах двух выданняў, якія павінны былі атрымаць форму кнігі яшчэ некалькі стагоддзяў таму. Гэта "Статут ордэна брыгітак" 1673 г. і "Брэвіярыум" 1748 г.", - расказалі ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Разам з гэтымі знаходкамі на выстаўцы будуць прадстаўлены элементы кніжнага пераплёту і аналагічныя старадрукаваныя кнігі ў завершаным выглядзе з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі.

Адкрыццё выстаўкі-прэзентацыі пройдзе 10 сакавіка ў 16.00. Уваход бясплатны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі