Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 мая 2021, 16:31

Выстаўка памяці мастачкі Алы Непачаловіч "Патаемнае" адкрыецца 13 мая ў НЦСМ

12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка памяці Алы Непачаловіч "Патаемнае" адкрыецца 13 мая ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Праект прадаўжае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў НЦСМ.

Арганізатары выстаўкі ўпэўнены, што мастачка запомніцца пазітыўным, поўным энергіі і творчых планаў чалавекам. "Яна заўсёды знаходзілася ў асяроддзі студэнтак і майстрых, на фоне якіх вылучалася сваёй мастацкай графікай на тэкстылі. На працягу жыцця Ала Непачаловіч падрыхтавала 26 лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, дзевяць стыпендыятаў і ўладальнікаў прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Разам з калегамі Наталляй Сухаверхавай, Аленай Обадавай, Вольгай Рэднікінай была "рухавіком" айчыннага ткацтва і габелена, асобай, вядомай далёка за межамі Беларусі", - адзначылі арганізатары.

"Тэкстыльныя кампазіцыі Алы Непачаловіч - гэта вобразна-асацыятыўныя дэкаратыўныя творы, якія з'яўляюцца галоўным напрамкам творчасці прафесійнага майстра ткацкага мастацтва. На тэкстыльных работах аўтар адлюстроўвае свой асабісты свет. З дапамогай простых форм і арнаментальных малюнкаў яна стварала сучасныя вобразныя структуры, у якіх ясна прасочваецца нацыянальны стыль. У іх ёсць выразнасць дакладна прадуманых ліній і захапляльная таямнічасць паўторных арнаментаў. Ёсць і ўласцівае сучаснаму мастацтву імкненне да лаканічнасці, вобразнага мінімалізму. У тэкстыльных кампазіцыях Алы Непачаловіч прадэманстраваны своеасаблівы сінтэз ідэі і матэрыялу, арыгінальныя стылістычныя распрацоўкі і наватарскія тэхналагічныя прыёмы, прасочваецца цесная сувязь з нацыянальнымі традыцыямі", - адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч.

Аўтарскія творы мастачкі знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея гісторыі горада Мінска, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў.

Ала Непачаловіч нарадзілася 23 снежня 1951 года ў г. Моніна Маскоўскай вобласці, скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975), па 1996 год па размеркаванні працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ў галіне габелена, мастацкага ткацтва і сцэнічнага касцюма. Да сваёй смерці яна была дацэнтам кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Акрамя таго, мастачка з'яўляецца лаўрэатам ІІ ступені ІІ рэспубліканскага трыенале беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў намінацыі "Захаванне традыцый" 2013 года, лаўрэатам I прэміі конкурсу візуальных мастацтваў ART-SESSIO XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў намінацыі "Мастацкі тэкстыль" (2014), лаўрэатам ІІ ступені Х Міжнароднага фестывалю "Мастацкая кераміка" ў намінацыі "Дызайн у кераміцы" катэгорыі "прафесіянал" (Расія, 2018).

Выстава прадоўжыцца па 4 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі