Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 верасня 2021, 11:45

Выстаўка "На шляху да адзінства" адлюструе гісторыю Гомельскага рэгіёна ў дакументах, фота і жывапісе

14 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "На шляху да адзінства" адлюструе гісторыю Гомельскага рэгіёна ў дакументах, даваенных фота і жывапісных палотнах, паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль".

Экспазіцыя размесціцца ў калоннай зале палаца Румянцавых і Паскевічаў. Яна прымеркавана да 17 верасня - Дня народнага адзінства. Выстаўка нагадае, што адзінству папярэднічаў доўгі перыяд нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Экспанаты ілюструюць складаны працэс будаўніцтва нацыянальнай беларускай дзяржавы, пэўная роля ў якім была адведзена і Гомельскай вобласці.

"Гомельшчына таксама прайшла цярністы шлях тэрытарыяльна-адміністрацыйных пераўтварэнняў у ХХ стагоддзі. Напярэдадні 1917 года яе землі ўваходзілі ў склад Магілёўскай і Мінскай губерняў. Гомель у гэты перыяд быў цэнтрам павета Магілёўскай губерні і ўяўляў сабой буйны гандлёва-прамысловы цэнтр і транспартны вузел, які па сваім эканамічным патэнцыяле значна перасягаў Магілёў. Таму пасля скасавання Магілёўскай губерні ў красавіку 1919 года была створана Гомельская губерня ў складзе РСФСР, што складалася першапачаткова з 14 паветаў. Пасля другога абвяшчэння БССР у яе складзе аказалася толькі паўднёва-заходняя частка сучаснай Гомельскай вобласці з гарадамі Мазыр, Петрыкаў, Жыткавічы, астатняя тэрыторыя заставалася ў РСФСР. У выніку першага ўзбуйнення Беларусі ў 1924 годзе ў яе склад увайшлі землі Гомельшчыны з гарадамі Нароўля, Калінкавічы, Жлобін, Рагачоў, Буда-Кашалёва. 27 снежня 1926 года адбылося другое ўзбуйненне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, куды былі вернуты Рэчыцкі і Гомельскі паветы ў іх існуючых межах, уключаючы Гомель. Гомельская губерня ў складзе РСФСР, якая праіснавала з 1919 па 1926 год, была ліквідавана. Тэрыторыя нашай краіны пасля ўзбуйнення павялічылася да 125,8 тыс. кв.км, а насельніцтва - да 5 млн чалавек", - нагадалі ва ўстанове.

Вяртанне ўсходне-беларускіх тэрыторый у склад БССР стала дадатковым стымулам для аб'яднання беларускага народа і штуршком для імклівага развіцця эканомікі. Напрыклад, толькі ў Гомелі ў 1920-30-я гады ўвялі шэраг буйных прамысловых прадпрыемстваў - "Гомсельмаш", дрэваапрацоўчы камбінат, станкабудаўнічы і шкляны заводы, трыкатажная і кандытарская фабрыкі. Насельніцтва вырасла да 90 тыс. чалавек. У Гомелі жылі беларусы, рускія, яўрэі, палякі, украінцы і іншыя нацыянальныя групы. "Паказальна, што нават для дзелавой дакументацыі па ўсёй краіне выкарыстоўваліся штампы і пячаткі на 4 мовах - беларускай, рускай, польскай і ідышы. На поліэтнічнасць жыхароў былі арыентаваны таксама сістэмы адукацыі і культуры", - удакладнілі ў палацава-паркавым ансамблі.

"У далейшым уваходжанне гомельскіх зямель у склад маладой беларускай рэспублікі праходзіла мірным шляхам - за сталом перагавораў, з улікам меркавання ўсіх бакоў і з пошукам аптымальнага рашэння", - расказалі арганізатары.

На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы з музейнага фонду Гомельскага палацава-паркавага ансамбля - фатаграфіі партыйных і савецкіх дзеячаў, кіраўнікоў і работнікаў губвыканкама, дэлегатаў з'ездаў, пленумаў і розных канферэнцый 1920-х гадоў, арыгінальныя дакументы і карты з Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці, якія характарызуюць тэрытарыяльна-адміністрацыйныя змяненні на працягу названага перыяду. Асобным блокам прадстаўлены віды Гомеля 1920-30-х гадоў. Яны адлюстраваны на яркіх маляўнічых палотнах савецкага мастака Макса Авадзьевіча Бірштэйна і даваенных фатаграфіях, якіх да нашага часу дайшло зусім няшмат. Асаблівую каштоўнасць маюць і здымкі амерыканскага фатографа Аляксандра Артвея з гомельскімі каранямі, які прыязджаў на малую радзіму ў 1920-30-я гады. На іх адлюстраваны помнікі архітэктуры, частка якіх не захавалася, віды гарадскіх вуліц і плошчаў.

"Такія кадры даюць магчымасць адчуць атмасферу, у якой жылі і працавалі людзі таго пакалення. Менавіта яны, гэтыя людзі, з'яднаныя ў маладой дзяржаве, змаглі спачатку пераадолець складаны перыяд палітычных і сацыяльных катаклізмаў пачатку ХХ стагоддзя, адбудаваць фабрыкі і заводы, уладкаваць сваё мірнае жыццё з яго дасягненнямі і радасцямі. Гэта яны маглі выстаяць і перамагчы у самай страшнай і кровапралітнай вайне за ўсю гісторыю чалавецтва. Гэта іх з'яднанне, іх кансалідацыя далі магчымасць у кароткія тэрміны аднавіць разбураную гаспадарку. Гэта імі былі закладзены непарушныя асновы беларускай дзяржаўнасці, нацыянальнага суверэнітэту: усе мы - адзіны народ, ва ўсіх нас агульная Радзіма - цудоўная зямля Беларусі і толькі ад нас залежыць яе будучыня", - падкрэслілі ва ўстанове.

Арганізатары выстаўкі - Гомельскі аблвыканкам, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, Гомельская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна. Экспазіцыя будзе даступна з 16 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі