Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 лістапада 2018, 11:29

Выстаўка латвійскага майстра "Яніс Струпуліс. 100 медалёў" адкрыецца 5 лістапада ў Віцебску

2 лістапада, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Выстаўка латвійскага майстра "Яніс Струпуліс. 100 медалёў" адкрыецца 5 лістапада ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 100 медалёў, створаных з 1976 па 2016 гады. Яніс Струпуліс стварыў беларускую серыю твораў, у якую ўвайшлі медалі з выявамі Ф. Скарыны, С. Полацкага, С. Буднага, В. Цяпінскага, М. Сматрыцкага і іншых вядомых беларускіх дзеячаў культуры і навукі. Некалькі работ у мінулым годзе майстар з Латвіі перадаў у дар Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею.

"На працягу гадоў творчыя прыярытэты майстра мяняліся, але нязменным засталося майстэрства, лаканічнасць пластычнай мадэліроўкі. Разважаючы аб манеры Яніса Струпуліса ў медальерным мастацтве, можна гаварыць і аб своеасаблівай аўтарскай рэжысуры кампазіцыі, інтэлектуалізме вобразаў", - адзначылі ў музеі.

Арганізатарамі выстаўкі выступілі Музей гісторыі прыватнага калекцыяніравання, Консульства Латвіі ў Віцебску і Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. М. Машэрава.

Яніс Струпуліс - вядомы латвійскі скульптар, медальер і графічны дызайнер. У 1973 годзе скончыў скульптурнае аддзяленне Латвійскай акадэміі мастацтваў, працаваў сцэнічным дызайнерам на тэлебачанні, мастаком па афармленні інтэр'ераў у рыжскіх майстэрнях дэкаратыўнага мастацтва. Дыяпазон яго работ шырокі: ад медалёў у гонар выдатных сусветных дзеячаў навукі, культуры і мастацтва, да работ з выявамі знакавых падзей, Дзяржаўнага герба і гарадоў Латвіі, а таксама распрацоўкі дызайну сучасных манет роднай краіны. Яніс Струпуліс лаўрэат розных міжнародных узнагарод, член Міжнароднай федэрацыі медальернага мастацтва (FIDEM). Усяго стварыў больш за 750 медалёў. Творы мастака знаходзяцца ў 60 музеях 18 краін свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі