
28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка мастацкага тэкстылю "Чароўныя фарбы Індыі" адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
"Выстаўка знаёміць з каларытам, яркімі традыцыямі, філасофіяй і міфалогіяй Індыі. Госці могуць акунуцца ў гістарычнае мінулае гэтай краіны, вывучыць лад жыцця індыйцаў", - адзначылі арганізатары.
У экспазіцыі прадстаўлены мастацкі тэкстыль, старадаўнія і сучасныя дываны, тканыя пано, шаўковыя шалі, традыцыйныя сары. Можна ўбачыць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з дрэва і бавоўны, роспісы скруткаў на аснове тканіны, вышыўку залатымі ніткамі, прадметы ўжытку і многае іншае.
Экспанаты прадаставіў Індыйскі савет па культурных сувязях (ICCR). "Праект паказвае беларусам індыйскую культурную спадчыну. Гэта важна, бо нашы краіны плённа супрацоўнічаюць у гандлі, вытворчасці, культуры і навуцы", - адзначылі ў бібліятэцы.
Гэта першая такая выстаўка ў Мінску. Яе арганізавалі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і пасольства Індыі ў нашай краіне.
Экспазіцыю можна ўбачыць у галерэі "Атрыум" НББ па 20 лістапада.-0-