Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 лістапада 2015, 10:36

Выстаўка "Гандаль Беларусі" будзе адкрыта для наведвальнікаў на працягу года

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Гандаль Беларусі на шалях гісторыі" будзе адкрыта для наведвальнікаў на працягу года. Аб гэтым паведаміў 11 лістапада на адкрыцці выстаўкі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кожны праект павінен падтрымлівацца міні-праектамі, якія падагравалі б да яго цікавасць. Наша выстаўка будзе адкрыта для наведвальнікаў як мінімум год. І мы хочам, каб тут увесь час праходзілі якія-небудзь мерапрыемствы", - падкрэсліў Алег Рыжкоў.

Размова ідзе аб шэрагу мерапрыемстваў - ад круглых сталоў і навуковых канферэнцый да навагодняй ночы ў музеі. "Нашы спецыялісты распрацуюць трохгадзінную праграму для дзяцей і дарослых, у час якой у гульнявой форме будзе расказана гісторыя гандлю. Акрамя таго, ужо ў бліжэйшы час мы плануем адкрыць музей ёлачных цацак, дзе наведвальнікі змогуць не толькі палюбавацца прыгожымі экспанатамі, але і зрабіць цацкі самастойна", - расказаў дырэктар музея.

Таксама Алег Рыжкоў паведаміў, што ў ходзе выстаўкі "Гандаль Беларусі на шалях гісторыі" ў маі 2016 года плануецца ажыццявіць вельмі амбіцыйны праект - прайсці частку шляху "з варагаў у грэкі" на ўзноўленым караблі вікінгаў. "Мы плануем прайсці шлях да Клайпеды, адвезці частку выставачнага праекта, каб размясціць у адным з музеяў гэтага горада. Карабель узнавілі беларускія энтузіясты", - удакладніў ён.

"Ідэя выстаўкі "Гандаль Беларусі на шалях гісторыі" ўзнікла больш як год таму, калі Цэнтр вывучэння гісторыі гандлю кампаній "Менка" праводзіў сваю навуковую канферэнцыю. Тады мы прыйшлі да высновы, што гісторыю гандлю павінны ведаць не толькі вучоныя, але і простыя жыхары, таму што з гандлем мы ўсе сутыкаемся пастаянна", - адзначыў Алег Рыжкоў. Выстаўка змяшчае экспанаты амаль усіх музеяў Беларусі, а таксама прыватныя калекцыі.

Наведвальнікі выстаўкі могуць убачыць шмат цікавых прадметаў: археалагічныя матэрыялы, знаходкі XII-XV стагоддзяў, літоўскія і наўгародскія грыўні. На выстаўцы будуць прадстаўлены шалі, касавыя апараты розных часоў, дзіцячыя цацкі, прадметы раскошы, шкло, жаночыя капялюшыкі, абутак і іншыя рэчы, якія можна было купіць на рынках і ў магазінах. Асобнай увагі заслугоўваюць прадметы кантрабанды пачатку XX стагоддзя - соль і мыла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі