Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 лютага 2022, 10:37

Выстаўка архіўных фатаграфій і дакументаў раскажа аб злачынствах нацыстаў у акупіраваным Гомелі

3 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Бывайце, людзі...". Факты аб злачынствах нацыстаў у акупіраваным Гомелі" адкрыецца 11 лютага ў палацы Румянцавых і Паскевічаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

"Выстаўка створана на аснове арыгінальных архіўных дакументаў, фатаграфій і рэчавых доказаў, якія выкрываюць палітыку генацыду, арганізаванага нацыстамі ў акупіраваным Гомелі, дакладна расказваюць аб фактах нацысцкага тэрору ў адносінах да мірнага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных, аб тых трагічных старонках у нашай гісторыі, якія нельга забыць", - расказалі ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.

Наведвальнікі ўбачаць матэрыялы, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці, Дзяржаўным архіве грамадскіх аб'яднанняў рэгіёна, пракуратуры вобласці, у музейным зборы палацава-паркавага ансамбля і прыватнай калекцыі гомельскага гісторыка Юрыя Панкова. Аб зверствах гітлераўцаў у перыяд акупацыі Гомеля сведчаць акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, успаміны відавочцаў, паказанні памагатых фашысцкіх злачынцаў, дакументы, фатаграфіі і рэчавыя доказы з месцаў расстрэлаў і масавых пахаванняў ахвяр гітлераўскага тэрору.

"Яшчэ да нападзення на Савецкі Саюз у гітлераўскай Германіі на базе падраздзяленняў СС ствараліся "рабочыя брыгады", якія павінны былі на захопленых тэрыторыях ажыццяўляць арганізаванае масавае забойства камуністаў, яўрэяў і "непаўнацэнных у расавых адносінах элементаў". Адкрыты тэрор, грабежніцкая эканамічная палітыка, адпраўка на прымусовыя работы тлумачыліся нацыстамі як неабходныя меры ў барацьбе за лепшую будучыню беларускага народа. Згодна з так званым Генеральным планам "Ост", у Беларусі 75 працэнтаў насельніцтва было "лішнім", - нагадалі арганізатары выстаўкі.

За перыяд акупацыі Гомель быў разбураны амаль на 80 працэнтаў. А ў выніку нацысцкай палітыкі генацыду былі знішчаны дзясяткі тысяч людзей, тысячы былі вывезены ў Германію.

Хутка пасля вызвалення БССР матэрыялы аб злачынствах гітлераўцаў на акупіраванай тэрыторыі набылі статус архіўных і музейных дакументаў. "Яны да гэтага часу бударажаць нашу памяць, выклікаюць шчымлівае пачуццё безумоўнага спачування і горычы, прымушаюць думаць, не дазваляюць забыць гераічнае і адначасова трагічнае мінулае краіны. Нямецка-фашысцкі тэрор прывёў да незаменных страт мірнага насельніцтва, а ўсё перажытае нашымі суайчыннікамі ў гады акупацыі з'яўляецца сапраўдным подзвігам пакалення пераможцаў", - падкрэслілі ў палацы.

Выстаўка "Бывайце, людзі...". Факты аб злачынствах нацыстаў у акупіраваным Гомелі" прызначана азнаёміць наведвальнікаў са страшнай палітыкай генацыду, месцамі і ахвярамі нацысцкіх зверстваў і нагадаць, што ў такіх злачынстваў перад чалавецтвам няма тэрміну даўнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі