Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лістапада 2018, 11:25

Выстаўка аб Першай сусветнай вайне адкрылася ў Нацбібліятэцы Беларусі

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Беларусь у Вялікай вайне 1914-1918 гг." адкрылася 8 лістапада ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На выстаўцы, прымеркаванай да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны, прадстаўлены ўнікальныя экспанаты - рэдкія кнігі, газеты, часопісы, паштоўкі, перапіска салдат, а таксама арыгінальныя пісьмовыя тавары, друкарская тэхніка, асабістыя рэчы і прадметы культу ваеннага часу. Тэматычныя раздзелы экспазіцыі, прысвечаныя баявым дзеянням, жыццю на фронце, у эвакуацыі і пад акупацыяй, рэвалюцыйным падзеям, падпісанню Брэсцкага мірнага пагаднення, адлюстроўваюць трагічныя і гераічныя старонкі Вялікай вайны на тэрыторыі Беларусі.

"Гэта выстаўка ілюструе жыццё Беларусі ў 1914-1918 гадах. Многія падзеі таго часу засталіся для большасці з нас невядомымі. І сёння такія экспазіцыі з'яўляюцца вельмі цікавымі. Праект "У пошуках страчанага" Уладзіміра Ліхадзедава, пачаты амаль 15 гадоў таму, прывёў вось да такіх шырокамаштабных праяўленняў. І цяпер, аднаўляючы падзеі Першай сусветнай вайны, я ўпэўнены, што можна будзе многае яшчэ расказаць беларусам і гасцям нашай краіны. Мне здаецца, што гэта выстаўка будзе ўздзейнічаць на выхаванне гістарычнай свядомасці грамадзян нашай суверэннай незалежнай рэспублікі", - падкрэсліў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч на адкрыцці выстаўкі.

У бягучым годзе большасць еўрапейскіх краін 11 лістапада адзначыць 100-годдзе заканчэння Першай сусветнай вайны, якая стала адной з самых жахлівых падзей у гісторыі. У ёй удзельнічалі каля 40 дзяржаў з агульнай колькасцю насельніцтва больш за 1,5 млрд чалавек, амаль 10 млн загінулі і яшчэ звыш 20 млн вярнуліся з вайны параненымі і скалечанымі. Сучаснікі адразу назвалі яе "Вялікай вайной".

"Першая сусветная вайна была перыядам гераічнага подзвігу, адданага служэння нашых продкаў як на фронце, так і ў эвакуацыі. Гэта вайна дала нам у некаторай ступені тое, чым мы з'яўляемся сёння, бо яна паклала пачатак сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Як бы мы да гэтага ні ставіліся, але, пачынаючы менавіта з падзей гэтай вайны, такія спробы фарміравання беларускай дзяржаўнасці, як Заходняя Беларусь, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Беларуская Народная Рэспубліка, Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка прывялі нас да Рэспублікі Беларусь. Сёння мы пастараліся паказаць розныя старонкі Першай сусветнай, гераічныя, трагічныя і бытавыя. Яна арганізавана сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і вядомага даследчыка, калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава. Я перакананы, што менавіта ў такім фармаце, калі разам працуюць дзяржава і грамадства, мы можам рабіць адкрыцці і добрыя справы", - расказаў намеснік дырэктара бібліятэкі Аляксандр Суша.

У час адкрыцця выстаўкі адбылася прэзентацыя абноўленага віртуальнага праекта "Першая сусветная вайна", створанага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Выстаўка "Беларусь у Вялікай вайне 1914-1918 гг." будзе працаваць да 8 снежня.-0-

Фота Раміля Насібуліна

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі