Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 снежня 2021, 14:03

Вынікі сямейнага конкурсу навагодняй цацкі падвялі ў Вялікім тэатры

30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сямейны конкурс "Навагодняя тэатральная цацка" прайшоў восьмы раз у Вялікім тэатры оперы і балета. У гэтым годзе 104 удзельнікі ўпрыгожылі сваімі вырабамі тры навагоднія ёлкі ў фае тэатра, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

"Удзельнікамі сталі хлопчыкі і дзяўчынкі з дзіцячых творчых цэнтраў. Яны заўсёды радуюць нас сваімі незвычайнымі і цікавымі работамі, і гэты год не стаў выключэннем", - расказалі арганізатары.

Дзеці з асаблівасцямі развіцця з Гатаўскай сярэдняй школы ўжо сёмы раз прымаюць удзел у конкурсе. "Гледзячы на іх замілавальныя вырабы, створаныя з цудоўнай фантазіяй, талентам, майстэрствам, разумееш, якое вялікае сэрца ў гэтых дзетак. Менавіта такія моманты прымушаюць нас, дарослых, быць дабрэйшымі і больш чалавечнымі", - падкрэслілі ва ўстанове.

Па выніках конкурсу ўладальнікам Гран-пры стала мінчанка Іларыя Гушча, якая стварыла некалькі цацак на тэму балета "Папялушка". Першае месца дасталася сям'і Радзінскіх са Слуцкага раёна за работу "Чараўніца зіма", другое - Ульяне і Сцяпану Байковым за цацкі "Дон Кіхот і Санча Панса", "Кармэн". Сям'я Вайтовічаў з аграгарадка Гатава за фантазію на тэму балета "Тры парасяці" забрала трэцяе месца. Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны вырабы на балет "Канёк-Гарбунок", які толькі нядаўна з'явіўся ў рэпертуары тэатра.

Дзясяткі цацак атрымалі спецыяльныя намінацыі - "Навагодні герой", "Дэбют", "Любімы тэатральны герой", "Самая вытанчаная цацка", "Цацка з самага арыгінальнага матэрыялу", "За старанне і адданасць конкурсу", "Самая мініяцюрная цацка".

У сваю чаргу дзеткам падарылі навагодняе свята і падарункі артысты тэатра: Вольга Маліноўская, Настасся Храпіцкая, Марына Ліхашэрст, Іна Русіноўская, Юрый Балоцька, Ілья Пеўзнер, Наталля Бараноўская. "Удзельнікам было прыемна атрымаць падарункі ад балерыны Людмілы Хітровай, харэографа Сяргея Мікеля, оперных спявачак Настассі Масквіной, Клаўдзіі Пацёмкінай, Таццяны Траццяк", - рэзюмавалі ў тэатры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі