ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 25 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +4°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 верасня 2021, 16:29

Выйшла дзіцячая кніга "Беларускай энцыклапедыі" пра свойскіх жывёл

Фота выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі"
Фота выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі"

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая кніга вядомага беларускага паэта Анатоля Зэкава "Жмуркі з коткай Муркай" папоўніла серыю выданняў "Беларускія пісьменнікі - дзецям", паведамілі БЕЛТА ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".

"Кніга азнаёміць маленькіх чытачоў са свойскімі жывёламі. У вершаванай форме паэт апісвае адметныя рысы і асаблівасці паводзін розных свойскіх жывёл. Паколькі творы невялікія па памеры, іх вельмі лёгка вывучыць на памяць", - адзначылі ў выдавецтве. Паводле слоў супрацоўнікаў "Беларускай энцыклапедыі", "Жмуркі з коткай Муркай" стане карыснай кнігай для сямейнага чытання, а таксама для работы ў дзіцячым садзе і на ўроках пазакласнага чытання ў школе або ў групе падоўжанага дня.

Першая кніга з серыі "Беларускія пісьменнікі - дзецям" выйшла ў свет у 2019 годзе. Сёння яна налічвае амаль 10 выданняў, сярод якіх "Вучоныя вароны. Вершы пра птушак", "Каштаны ў шакаладзе", "Пуговка. История одного зайчика", "Прыгоды Віруса Шкодзі", "Хутка стану чэмпіенам" і іншыя.

Анатоль Зэкаў - беларускі паэт, празаік. У 1977 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта, цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Працаваў у рэдакцыі Гомельскай раённай газеты "Маяк". З 1985 года - у рэдакцыі маладзёжнай газеты "Чырвоная змена", а затым узначальваў Мінскую гарадскую газету "Добры вечар" (1990-1996). З 1997 года быў на пасадзе галоўнага рэдактара "Белорусской лесной газеты", з 2002 года - намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Вожык". У 2006 годзе працаваў у часопісе "Полымя", пазней у часопісе "Вясёлка". Аўтар кніг паэзіі "Боль сумлення" (1989), "Зона кахання" (2003), "Лісты да цябе" (2005), "Чарнобыльскі вецер" (2006), "Промнік позірку твайго" (2008), прозы "Вясельнае падарожжа ў Стамбул" (2000), сатыры і гумару "Дуэль" (1994), "Дуэль-2"(1995), "Кругі ў галаве" (2007), "Каханне на снезе" (2011).

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1994 года. Напісаў таксама кнігу ўспамінаў пра Алеся Пісьмянкова "Алесь" (2007). Вершы Анатоля Зэкава перакладаліся на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы. На асобныя з іх напісаны песні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі