Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 ліпеня 2020, 15:30

Выдавецкія праекты для краязнаўцаў, экскурсаводаў і турыстаў прэзентавалі ў Мінску

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдавецкія праекты для краязнаўцаў, экскурсаводаў і турыстаў прэзентавалі 21 ліпеня ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў вядучага спецыяліста выдавецтва "Беларусь" Анжэлы Садоўскай, як правіла, такія выданні выходзяць на трох мовах - рускай, беларускай і англійскай. Усё гэта дае магчымасць зрабіць іх даступнымі, у тым ліку для замежнага турыста. Адным з апошніх у выдавецтве ўбачыў свет альбом вядомага фотамастака Анатоля Клешчука "Пад небам Беларусі". Гэта ўжо чацвёртае выданне з абсалютна новымі фотаздымкамі, якія паказваюць хараство прыроды, жывёльнага і расліннага свету Беларусі ў розныя поры года. Таксама нядаўна ў выдавецтве выйшаў фотаальбом "Мір. Замак", які прадстаўляе багаты ілюстрацыйны і тэкставы матэрыял і можа стаць выдатным падарункам для гасцей краіны.

"Месяц таму свет убачыла кніга Анатоля Федарука "Старинные усадьбы Гродненщины". Гэта сапраўдны бестселер, - адзначыла Анжэла Садоўская. - Мы штодзень атрымліваем да 10-15 званкоў з пытаннем, дзе можна набыць выданне. Гэта прадаўжэнне. Першая частка выйшла ў 2014 годзе". У аснове кніг Анатоля Федарука - вялікая пошукавая работа. Матэрыял будзе вельмі карысным для гідаў пры распрацоўцы маршрутаў па гэтым рэгіёне.

Больш за 10 кніг апублікаваны ў серыі "Падарожжа па раднаму краю", прымеркаванай да Года малой радзімы. Як чакаецца, серыя будзе прадоўжана.

Вядучы спецыяліст выдавецтва "Беларусь" таксама звярнула ўвагу на даведнік Мікалая і Яўгена Чырскіх "Минск: справочник туриста", на двухтомнік Віктара Корбута і Дзмітрыя Ласько "Мінск. Спадчына сталіцы Беларусі 1918-2018" і "Мінск. Спадчына старога горада", які дапаможа бліжэй азнаёміцца з беларускай сталіцай. Анжэла Садоўская таксама прэзентавала даведнік "Беларусь приглашает", перакладзены на англійскую, французскую і кітайскую мовы. Дзякуючы яму можна даведацца пра выдатныя мясціны і архітэктуру ўсіх абласцей краіны, а таксама беларускую кухню. Вялікую цікавасць у турыстаў, несумненна, выклічуць камплекты паштовак "Мінск" і "Беларусь".

Дырэктар выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Вольга Ваніна звярнула ўвагу на кнігу Мікалая Півавара "Сядзібы Віцебска". Гэта даведачнае выданне ўяўляе сабой не толькі карту-схему размяшчэння сядзіб у рэгіёне, але і расказвае пра іх стан. Аўтар працаваў над выданнем каля 10 гадоў. "Кніга добра ілюстраваная, але мы не ставілі за мэту зрабіць яе прэзентацыйнай. Яна больш для работы, для экскурсаводаў, для тых, хто працуе з дзецьмі, у аддзелах культуры, хто жыве ў гэтым раёне і цікавіцца яго выдатнымі мясцінамі", - дадала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі