Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 студзеня 2021, 15:04

Вобраз зімы ў музычных шэдэўрах прадставіць сімфанічны аркестр БАТД

26 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы сёння вечарам адбудзецца канцэрт сімфанічнага аркестра "На белых старонках зімы", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

Вобраз самай халоднай пары гады паўстане ў музычных шэдэўрах Пятра Чайкоўскага, Георгія Свірыдава, аргенцінскага кампазітара Астара П'яцолы, а таксама Леаніда Левашкевіча. Апошні, дарэчы, - наш зямляк. Хоць і жыве доўгі час у Санкт-Пецярбургу, кампазітар не страчвае сувязі з радзімай. У праграму вечара ўключана яго кампазіцыя "Люты" з яркага рамантычнага цыкла твораў для сімфанічнага аркестра "Поры года".

"Сама прырода навеяла такую тэматыку канцэрта: захацелася сыграць музыку, звязаную з зімой, зімовымі святамі, Калядамі. Будуць цыкл п'ес з "Пораў года" Чайкоўскага, тэмпераментнае танга "Зіма" са знакамітага цыкла П'яцолы, музычныя ілюстрацыі Свірыдава да аповесці Пушкіна "Завея". Мы вырашылі ўпрыгожыць праграму відэарадам - у кожнага твора ён будзе свой. Словам, слухачы паглыбяцца ў дзівосны свет музычных зімовых карцін", - адзначыў дырыжор аркестра Аляксандр Сасноўскі.

У планах маэстра, які ўжо больш як два дзясяткі гадоў стаіць за дырыжорскім пультам сімфанічнага аркестра БАТД, таксама работа над іншымі праектамі. Так, на 16 лютага запланаваны канцэрт "У рытме танца: танга і вальсы свету", у сакавіку - праграма, прысвечаная Міжнароднаму жаночаму дню, і канцэрт "Маладыя таленты Беларусі". Завяршыць музычны сезон у чэрвені плануецца музычным спектаклем " Леанід Уцёсаў. З песняй па жыцці" да 125-годдзя вялікага артыста.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі