Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 красавіка 2021, 11:45

Вялікі тэатр запрашае сустрэць Новы год па-казахску

6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сольны канцэрт опернай спявачкі Клаўдзіі Пацёмкінай "Вясенні вальс" адбудзецца 9 красавіка ў Вялікім тэатры Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Канцэртная праграма прысвечана казахскаму Новаму году. У адпаведнасці з традыцыямі гэта свята ў Казахстане, якое называюць Наўруз, адзначаецца ў канцы сакавіка. Гэта час вясенняга абнаўлення, урачыстасці любові і дружбы. "Ідэя канцэрта нарадзілася даўно, напэўна, год таму. Але ёй трэба было выспець. І, як мне здаецца, цяпер гэта праграма прагучыць вельмі своечасова. У свеце, магчыма, на фоне пандэміі, адбываецца раз'яднанасць народаў, нацыянальнасцей, дзяржаў. У гэтым канцэрце мы хацелі б расказаць пра дружбу нашых краін - Беларусі і Казахстана, выказаць павагу і любоў да нашых культур. Новы год у Казахстане прыходзіць тады, калі прырода ажывае. Таму і назва ў нашага праекта - "Вясенні вальс", - расказала салістка Вялікага тэатра лаўрэат міжнародных конкурсаў Клаўдзія Пацёмкіна.

У гэты вечар гледачы пачуюць цудоўную музыку Джузэпэ Вердзі, Жуля Маснэ, Луіджы Ардзіці, а таксама казахскіх кампазітараў. Арыі Клаўдзія Пацёмкіна выканае ў дуэце з Нуржанам Бажэкенавым. "Спадзяюся, што мы зможам закрануць сэрцы кожнага. Нуржан - лаўрэат міжнародных конкурсаў, заслужаны дзеяч Казахстана, мой сябар і калега. Мы разам пачыналі сваю творчую кар'еру", - адзначыла спявачка.

Клаўдзія Пацёмкіна і Нуржан Бажэкенаў вучыліся ў кансерваторыі Алматы. Спявачка нарадзілася ў Казахстане: яе бабулі і дзядулі трапілі ў гэту краіну падчас Вялікай Айчыннай вайны і засталіся там. Але артыстка ганарыцца і сваімі беларускімі каранямі: бацькі яе мамы - з Віцебскай вобласці, куды Клаўдзія ў дзяцінстве часта прыязджала. На 3-м курсе кансерваторыі яна стала стажорам казахскага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Абая, потым паступіла ў аспірантуру. У 2009-м дэбютавала на галоўнай музычнай сцэне Алматы ў ролі Таццяны ў оперы Пятра Чайкоўскага "Яўген Анегін". У гэтым спектаклі партыю Ленскага якраз выканаў Нуржан Бажэкенаў. З таго часу гэты творчы дуэт часта радаваў гледача ў Казахстане. Так, у 2019-м Бажэкенаў дэбютаваў у партыі Вадэмона. А Клаўдзія Пацёмкіна, ужо з'яўляючыся салісткай беларускага Вялікага, была запрошана выканаць ролю Іаланты - зноў жа ў оперы Пятра Чайкоўскага. У Беларусі спявачка з усёй сям'ёй жыве ўжо 8 гадоў. Але пра дом, дзе нарадзілася і вырасла, не забывае.

"Спадзяюся, што гледачы пранікнуцца чарадзействам кюй. Гэта традыцыйныя казахскія творы. У гэты вечар яны будуць гучаць на домбры. Ужо хвалююся, жыву думкамі пра канцэрт, хочацца ўвасобіць цікавую ідэю ў самым лепшым выглядзе", - дадала Клаўдзія Пацёмкіна.

Акунуцца ў атмасферу ўсходняй прыгажосці можна будзе таксама дзякуючы фотазоне, цікавай сцэнаграфіі і афармленню самой залы. Рэжысёрам праекта стала заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава, акампаніраваць за раялем будзе лаўрэат міжнароднага фестывалю Ларыса Церахава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі