Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 кастрычніка 2022, 20:02

Вялікі тэатр Расіі прыедзе на гастролі ў Беларусь у лістападзе 2023 года

25 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Вялікі тэатр Расіі прыедзе на гастролі ў Беларусь у лістападзе 2023 года. Аб гэтым паведаміў дырэктар тэатра Уладзімір Урын сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку гастролей Вялікага тэатра Беларусі ў Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мне надзвычай прыемна вітаць нашых калег з Беларусі. Гэтыя гастролі абменныя. У лістападзе 2023 года Вялікі тэатр Расіі са спектаклямі - і опернымі, і балетнымі - прыедзе на гастролі ў Беларусь, у Мінск", - сказаў Уладзімір Урын. Ён адзначыў, што пакуль гастрольная афіша вярстаецца. Разам з тым кіраўнік расійскага тэатра не выключыў, што ў праграму гастролей можа быць уключаны прэм'ерны паказ італьянскай оперы "Адрыяна Лекуўрэр", якую плануецца прадставіць на новай сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі ў пачатку лістапада 2023 года.

Уладзімір Урын таксама ўдакладніў, што абменныя гастролі вядучых тэатраў дзвюх краін пройдуць па ініцыятыве генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Беларусі Кацярыны Дулавай. "Для музычнай, тэатральнай культуры Беларусі гэтыя гастролі - сапраўды вялікая падзея. Гэта новая старонка ва ўзаемаадносінах двух галоўных тэатраў Беларусі і Расіі", - падкрэсліла ў сваю чаргу Кацярына Дулава.

На гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі беларуская трупа прадстаўляе два знакавыя спектаклі з рэпертуару тэатра: нацыянальную оперу "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Солтана ў пастаноўцы Ганны Маторнай (25-26 кастрычніка) і балет "Шчаўкунок" Пятра Чайкоўскага ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева (28-29 кастрычніка).

Опера беларускага кампазітара Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча з'яўляецца нацыянальнай музычнай класікай. Прэм'ера спектакля адбылася ў ліпені 2021 года, кожны паказ спектакля збірае аншлагі. Пастаноўка Ганны Маторнай перамагла ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі ў намінацыі "Лепшы спектакль музычнага тэатра".

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі балет Пятра Чайкоўскага "Шчаўкунок" з'явіўся ў 1982 годзе. На гэтым спектаклі вырасла не адно пакаленне зорак балета беларускага Вялікага тэатра і, вядома, гледачоў. Спектакль цёпла прымалі не толькі на радзіме, але і ў час гастролей балетнай трупы за мяжой. Гэта адзін з самых любімых гледачамі спектакляў у рэпертуары тэатра. У кастрычніку 2020 года адбылася прэм'ера новай аўтарскай рэдакцыі спектакля, ажыццёўленая народным артыстам СССР Валянцінам Елізар'евым.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі