Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 студзеня 2021, 15:52

Вялікі тэатр прысвеціць балет "Дон Кіхот" 85-годдзю народнай артысткі Беларусі Клары Малышавай

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікі тэатр Беларусі прысвеціць 20 студзеня балет "Дон Кіхот" 85-годдзю народнай артысткі Беларусі Клары Малышавай, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"Клара Малышава - балерына шырокага творчага дыяпазону, яна валодала высокай тэхнікай, экспрэсіўнай, энергічнай манерай танца. Яе рэпертуар ахопліваў рознапланавыя партыі - ад класічных да гратэскавых. Яна выканала каля двух дзясяткаў вядучых і сольных партый. Сярод самых яркіх творчых дасягненняў балерыны - Кітры ў "Дон Кіхоце" Людвіга Мінкуса, Джулія і Няўзіра ў "Альпійскай баладзе" і "Выбранніцы" Яўгена Глебава, Доўрская дзяўчына ў "Пэр Гюнце" на музыку Эдварда Грыга. У рэпертуары Клары Малышавай таксама былі балеты "Спартак" (Эгіна і Фрыгія), "Папялушка" (Папялушка), "Рамэа і Джульета" (Джульета), "Спячая прыгажуня" (Аўрора), "Пасля балю" (Дзяўчына)", - адзначылі ў тэатры.

Будучая балерына нарадзілася ў 1935 годзе ў Расіі. Пасля вайны яна паступіла ў Горкаўскае харэаграфічнае вучылішча, дзе правучылася тры гады. А затым таленавітую вучаніцу перавялі ў Пермскае харэаграфічнае вучылішча. Са 150 чалавек тады адабралі 15. Яе выкладчыкам была выдатная балерына і таленавіты педагог, заснавальнік пермскай харэаграфічнай школы Кацярына Гейдэнрэйх. Пасля заканчэння вучылішча Клара Малышава працавала ў Горкаўскім тэатры оперы і балета, а затым пераехала з сям'ёй у Беларусь. Яе муж Атар Дадзішкіліяні быў запрошаны ў Вялікі тэатр у якасці харэографа, сама ж балерына была вядучай салісткай балетнай трупы.

Завяршыўшы танцавальную кар'еру, на працягу 15 гадоў Клара Малышава была мастацкім кіраўніком харэаграфічнага вучылішча ў Мінску (цяпер Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж). Сёння яна па-ранейшаму выкладае ў гімназіі-каледжы. "Многія артысты і салісты беларускага балета за апошнія 40 гадоў - вучні Клары Малышавай. Дзеці балерыны таксама сталі артыстамі балета. Дачка Натэла Дадзішкіліяні была вядучай салісткай тэатра і мае званне заслужанай артысткі Беларусі. Сын Дзяніс Дадзішкіліяні выступаў на сцэнах Вялікага тэатра Беларусі і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра", - расказалі арганізатары.

З 1988 года народная артыстка штогод па запрашэнні японскіх улад праводзіла балетныя майстар-класы ў розных гарадах Японіі. Яна падрыхтавала больш за тысячу артыстаў балета для японскай сцэны. За заслугі перад японскім мастацтвам Клара Малышава ўзнагароджана ордэнам Узыходзячага сонца - вышэйшай узнагародай Японіі для дзеячаў мастацтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі