Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лютага 2019, 10:53

Вялікі тэатр оперы і балета адправіцца ў гастрольны тур па рэгіёнах краіны

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі выступіць у рэгіёнах краіны, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

Так, 23 лютага тэатр прадставіць святочны канцэрт з удзелам артыстаў оперы і балета на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. А 26 лютага адбудзецца канцэрт "Музыка нашага кіно" ў Магілёўскай філармоніі. У ім прыме ўдзел квінтэт "Серэнада" і ўладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Траццяк, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Наталля Акініна і Аляксандр Міхнюк. У іх выкананні прагучаць знакамітыя музычныя хіты з кінафільмаў.

"Новая праграма, якую мы пакажам 26 лютага і 3 сакавіка ў Камернай зале нашага тэатра, у пэўным сэнсе працяг канцэрта "Сэрца, табе не хочацца спакою", прадстаўленага гледачам некалькі гадоў таму. Гэта праграма, прысвечаная самым знакамітым старонкам сусветнага кінематографа, у тым ліку савецкага, мела вялікі поспех, мы яе паказвалі не толькі ў сваім тэатры, але і на іншых канцэртных пляцоўках. Таму нарадзілася ідэя прадоўжыць праект", - расказала мастацкі кіраўнік квінтэта "Серэнада" Таццяна Траццяк.

Паводле яе слоў, калі яны ўзяліся за падрыхтоўку новай праграмы і пачалі паглыбляцца ў матэрыял, зразумелі, што музыкі са старога, добрага, любімага савецкага кіно хопіць на некалькі канцэртаў. "Мы прыйшлі да высновы, што трэба нагадаць нашым гледачам і слухачам аб тым, якая цудоўная інструментальная музыка і якія цудоўныя песні былі напісаны знакамітымі кампазітарамі менавіта для кіно. Некаторыя фільмы ўжо забыты, але іх назвы можна прыгадаць менавіта дзякуючы песням, якія засталіся ў нашай памяці, - адзначыла мастацкі кіраўнік. - Тыя, хто сочыць за міжнародным музычным жыццём, ведаюць, як папулярны канцэрты, прысвечаныя музыцы кіно, якія ўключаюць інструментальныя і песенныя кампазіцыі ў выкананні аркестра і вакалістаў. Я сама прымала ўдзел у такіх выступленнях. Публіка заўсёды прымае іх з вялікім энтузіязмам".

Квінтэт "Серэнада" быў створаны на базе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў 2007 годзе. У яго рэпертуары мноства самых папулярных і ўсімі любімых мелодый розных жанраў - ад класікі і лёгкага джаза да рускіх рамансаў і музыкі з кінафільмаў, а таксама папулярныя музычныя творы 1930-80-х гадоў.

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску 3 сакавіка адбудзецца Гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі. А балет "Жызэль, або вілісы" Адольфа Адана будзе прадстаўлены 10 красавіка ў Гомельскім Палацы культуры чыгуначнікаў,12 красавіка - у Барысаве ў Палацы культуры імя Максіма Горкага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі