Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 студзеня 2021, 15:48

Вялікі тэатр да юбілею народнага артыста Беларусі Уладзіміра Пятрова пакажа яго знакавыя спектаклі

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікі тэатр Беларусі ў лютым пакажа адны з лепшых спектакляў з удзелам народнага артыста Беларусі Уладзіміра Пятрова, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

"3 лютага народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Пятрову споўніцца 65 гадоў. У гэтым жа годзе ў спевака творчы юбілей: 35 гадоў ён аддаў сцэне. Гэтыя цудоўныя даты саліст Вялікага тэатра адзначыць у лютым сапраўдным фестывалем спектакляў. Ён выканае галоўную партыю ў оперы "Рыгалета" і ролю Жэрмона ў "Травіяце" Джузэпэ Вердзі, Рыгора ў гістарычнай драме Мікалая Рымскага-Корсакава "Царская нявеста", Князя Ялецкага ў "Пікавай даме" Пятра Чайкоўскага. Акрамя таго, Уладзімір Пятроў таксама прыме ўдзел у канцэрце "Штраус запрашае", - расказалі у тэатры.

Лёсавызначальнай для сябе артыст лічыць ролю Анегіна. "Гэта знакавы для мяне спектакль. Менавіта гэту оперу першай вучыў у Свярдлоўскай кансерваторыі, выконваў яе ў Омску, у вобразе Анегіна ўпершыню выйшаў на сцэну Вялікага тэатра Беларусі ў кастрычніку 1992-га. Хоць толькі ў верасні таго года прыехаў працаваць у Музычны тэатр Мінска, а рэжысёру Сямёну Штэйну ўжо напісалі: маўляў, да вас едзе Анегін. Дзякуючы оперы "Яўген Анегін" я адбыўся і як спявак, і як артыст", - падзяліўся спявак.

У лютым у гонар двайнога юбілею артыста Вялікі тэатр пакажа адны з лепшых спектакляў з яго удзелам. "Кожны мой спектакль у беларускім Вялікім - асобная размова. Наогул, я шчаслівы чалавек. Раніцай іду і думаю: дзякуй богу, родны тэатр! Такія пастаноўкі, як "Царская нявеста" Мікалая Рымскага-Корсакава, "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага, "Паяцы" Руджэра Леанкавала, "Рыгалета" Джузэпэ Вердзі дазваляюць раскрыць твой патэнцыял. Але работа над роляй не заканчваецца нават пасля таго, як ты праспяваў на сцэне некалькі разоў адну і тую ж партыю. Працэс пранікнення ў вобраз і асэнсаванне ролі ідзе ад спектакля да спектакля. Добра, што геніяльная шматгранная музыка дазваляе гэта рабіць. Таму і не бывае аднолькавых пастановак. Жанр оперы заўсёды жывы", - падкрэсліў артыст.

Акрамя таго, 4 лютага перад паказам оперы "Травіята" ў фае Вялікага ўрачыста адкрыецца фотавыстава, прысвечаная творчасці Уладзіміра Пятрова. Народны артыст Беларусі абавязкова выйдзе да гледачоў, а літаральна праз паўгадзіны публіка ўбачыць яго на сцэне ў ролі Жэрмона.

За выдатны ўклад у тэатральнае мастацтва краіны ў 2015 годзе ён быў удастоены вышэйшай узнагароды Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі - прэміі "Хрустальная Паўлінка". А ў 2016-м ён стаў Кавалерам Ордэна Францыска Скарыны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі