Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 лютага 2019, 10:59

Вялікі тэатр Беларусі паказ оперы "Травіята" прысвеціць памяці Андрэйса Жагарса

27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікі тэатр Беларусі 9 сакавіка прысвеціць паказ оперы "Травіята" памяці акцёра і рэжысёра, неардынарнага мастака, яркага чалавека, сябра Вялікага тэатра Андрэйса Жагарса, паведамілі БЕЛТА ва ўставе.

Знаёмства беларускай публікі з творчасцю Андрэйса Жагарса пачалося ў 2010 годзе, калі Латвійская нацыянальная опера прадставіла ў Мінску пастаўленую ім "Травіяту". Затым мінчанам прадставілася магчымасць убачыць яго спектакль "Манон Леско" ў выкананні артыстаў Эстонскай нацыянальнай оперы ў час абменных гастролей з Вялікім тэатрам Беларусі. У 2013 годзе Міхайлаўскі тэатр з Санкт-Пецярбурга паказаў на Мінскім оперным форуме спектакль "Баль-маскарад" у пастаноўцы Андрэйса Жагарса. Рэжысёр удзельнічаў у рабоце міжнароднага журы конкурсу Competizione dell`Opera, які праходзіў на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

У 2017 годзе пастаўленая Андрэйсам Жагарсам "Травіята" адкрывала 85-ы юбілейны сезон Вялікага тэатра Беларусі. Прэм'ера прайшла з вялікім поспехам, спектакль стаў упрыгажэннем рэпертуарнай афішы тэатра.

"Галоўнае, аб чым я хачу сказаць, - гэта аб праблеме публічнай адзіноты, - гаварыў Андрэйс Жагарс. - Людзі робяць выгляд, што ў іх добрае, уладкаванае, паспяховае, камфортнае жыццё. Але на самай справе яны бязмерна адзінокія. За радасцю і шчасцем хаваецца неверагодны боль - ад непаразумення, няшчырасці, адсутнасці сяброў і каханых. Як рэдка можна сустрэць сапраўднае каханне. А сустрэўшы яго - страціць назаўсёды. Вось сапраўдная трагедыя". Для многіх гледачоў спектакль стаў адкрыццём, адкрыўшы оперу як жанр перш за ўсё для маладзёжнай аўдыторыі.

Як паведамлялася DELFI, акцёр, тэатральны рэжысёр, былы дырэктар Латвійскай нацыянальнай оперы і дэпутат Рыжскай думы Андрэйс Жагарс памёр у ноч на 26 лютага ва ўзросце 60 гадоў пасля цяжкай хваробы.

Ён зняўся ў 13 фільмах, сярод якіх "Доўгая дарога ў дзюнах", "Матч адбудзецца пры любым надвор'і", "Жыццё Кліма Самгіна". З 1996 па 2013 год быў дырэктарам Латвійскай Нацыянальнай оперы, а таксама рэжысёрам, паставіўшы больш за 25 оперных спектакляў у Латвіі і за мяжой. Пад яго кіраўніцтвам Латвійская нацыянальная опера ў 2010 годзе далучылася да сеткі еўрапейскіх оперных акадэмій. З 2012-га выкладаў у расійскім Інстытуце тэатральнага мастацтва імя Луначарскага (рус. ГИТИС). У 2016 годзе заснаваў культурны фонд, які займаўся арганізацыяй канцэртаў зорак сусветнага маштабу ў Латвіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі