Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 мая 2019, 11:40

Вялікі тэатр Беларусі аб'явіў конкурс на пасаду галоўнага дырыжора

14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі аб'явіў конкурс на замяшчэнне пасады галоўнага дырыжора, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе тэатра.

"У сувязі з тым, што Віктар Пласкіна пакінуў пасаду галоўнага дырыжора і прыняў статус галоўнага запрошанага дырыжора, Вялікі тэатр Беларусі аб'яўляе конкурс на замяшчэнне вакантнай пасады, - расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка. - Рашэнне аб правядзенні конкурсу было прынята калектыўна, каб пашырыць спіс кандыдатаў. Так, у нас ёсць дастойныя дырыжоры. Акрамя таго, вельмі шмат таленавітых беларусаў працуе не толькі на ніве айчыннага мастацтва, але і далёка за межамі рэспублікі. Таму хацелася, каб усе паглядзелі на магчымасць супрацоўнічаць з нашым тэатрам. Хоць мы не абмяжоўваемся толькі беларусамі, мы чакаем прафесіяналаў любой нацыянальнасці".

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца прэтэндэнты, якія да 1 лістапада прадаставяць у Вялікі тэатр Беларусі ўсе неабходныя дакументы і чыя прафесійная кваліфікацыя адпавядае патрабаванням да галоўнага дырыжора тэатра оперы і балета (дадатак да пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі ад 29 снежня 2001 года нумар 25). Сярод умоў - вышэйшая прафесійная адукацыя і стаж работы па спецыяльнасці не меншы за 5 гадоў.

"Для таго каб выбраць патрэбнага кандыдата, мала прачытаць асабістую справу, неабходна сустрэцца з ім не толькі кіраўніцтву тэатра, але і аркестру, артыстам. Паколькі галоўны дырыжор - гэта апора тэатра, а яго густ, інтарэс, інтэлект, арганізатарскія здольнасці практычна характарызуюць узровень калектыву", - адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра.

Ён нагадаў, што ў Вялікім тэатры оперы і балета працавалі такія праслаўленыя дырыжоры, як Газіз Дугашаў, Яраслаў Вашчак, Таццяна Каламійцава, Генадзь Праватараў, Аляксандр Анісімаў, якія пакінулі глыбокі след у творчасці тэатра. "Важна, каб чалавек меў добрую адукацыю, шырокі і глыбокі музычны кругагляд, умеў добра працаваць з аркестрам, ставіць оперы і балеты, таму што ад галоўнага дырыжора патрабуецца з першага дня яго з'яўлення ў тэатры быць аўтарытэтам для ўсяго артыстычнага персаналу. Менавіта на яго аўтарытэце трымаецца і творчая дысцыпліна, і поспехі, і арганізацыя справы, - падкрэсліў Уладзімір Рылатка. - Мы чакаем сур'ёзную кандыдатуру з вялікім жаданнем працаваць, з якой будзе звязаны наступны этап развіцця тэатра".

Кандыдат на замяшчэнне пасады галоўнага дырыжора Вялікага тэатра Беларусі будзе выбраны конкурснай камісіяй шляхам тайнага галасавання не пазней за 1 мая 2020 года. Напярэдадні правядзення галасавання члены конкурснай камісіі азнаёмяцца непасрэдна з творчымі магчымасцямі ўсіх кандыдатаў, у тым ліку прадаставіўшы магчымасць правядзення спектакля ў Вялікім тэатры. Рашэнне журы па выніках галасавання будзе зацверджана генеральным дырэктарам Вялікага тэатра Беларусі не пазней за 1 чэрвеня 2020 года.

Прэтэндэнты на ўдзел у конкурсе могуць накіроўваць дакументы на адрас: г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1, 220029 (або прывезці асабіста па пазначаным адрасе, звярнуцца да службы аховы пад'езда нумар 7) або на электронную пошту teatr@bolshoibelarus.by.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі