Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 чэрвеня 2021, 11:17

Вялікае ў малым: выстаўка графікі мастакоў-манументалістаў адкрылася ў Мінску

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка графікі мастакоў-манументалістаў "Кропка. Лінія. Манумент" адкрылася 21 чэрвеня ў галерэі "Мастацтва", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас атрымалася цікавая выстаўка, якая ўпісана ў вялікі праект - фестываль манументальнага мастацтва "Манумент". Гэта экспазіцыя сведчыць аб тым, што мастакі-манументалісты вельмі разнастайныя па сваіх творчых інтарэсах. На гэтай выстаўцы мы бачым, як яны выдатна выяўляюць сябе ў графіцы. І робяць гэта даволі цікава. Азнаёміўшыся з работамі, можна адзначыць, наколькі ўсе гэтыя мастакі розныя, іх уяўленне аб свеце, тэхнікі адрозніваюцца. Але так ці інакш у гэтых творах яны захоўваюць манументальны маштаб. Мяне заўсёды ўражвала ў гэтых мастаках уменне нават у малым бачыць вось гэты маштаб", - адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.

Свае работы на выстаўцы прадставілі Глеб Отчык, Андрэй Кольга, Каміль Камал Гаджыеў, Андрэй Скіцёў, Аляксандр Некрашэвіч, Юльяна Пятровіч, Сямён Дамарад, Валянцін Нудноў, Уладзімір Злянко.

"Прадстаўляючы ў экспазіцыі менавіта графіку, мы хацелі вялікае, манументальнае мастацтва ператварыць у маленькае, камернае. Гэта значыць атрымаць вялікае ў малым. Такая ідэя ўсім спадабалася, мастакі адгукнуліся. І як мы бачым, манументалісты могуць яшчэ і ў такой тэхніцы працаваць", - падкрэсліў куратар выстаўкі Уладзімір Злянко.

Выстаўка прадоўжыцца да 16 ліпеня.

Фестываль манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў задуманы як маштабны выставачны марафон, які аб'ядноўвае на розных арт-пляцоўках сталіцы мастакоў-манументалістаў з Мінска і розных рэгіёнаў Беларусі. Яго мэтай з'яўляецца імкненне азнаёміць гледачоў з новымі тэндэнцыямі ў сучасным беларускім манументальна-дэкаратыўным мастацтве, прадставіць шырокай публіцы вядомых мастакоў-манументалістаў і іх новыя работы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, адкрыць новыя імёны маладых аўтараў, у тым ліку студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва, для многіх з якіх гэта выстаўка стане першай рэспубліканскай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі