Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 лютага 2020, 14:04

"Велікапосныя канцэрты" пройдуць у Мінску ў сакавіку

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фестываль "Велікапосныя канцэрты" пройдзе з 9 па 23 сакавіка ў Мінску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па рабоце са СМІ Свята-Лізавецінскага манастыра Вольга Камісарава.

"На фестывалі "Велікапосныя канцэрты" мінчане і госці сталіцы змогуць адчуць асалоду ад глыбіні богаслужэбных песнапенняў, пачуць шэдэўры сусветнай класічнай музыкі і ацаніць хараство духоўных твораў, - расказала Вольга Камісарава. - Для Мінска гэта ўжо традыцыйная падзея, якая праходзіць у дні Вялікага посту. Чатыры гады таму ініцыятыву кампазітара і старшага рэгента Свята-Лізавецінскага манастыра манашкі Іуліяніі Дзянісавай падтрымалі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Са святочным хорам манастыра яна сама прымала ўдзел у аналагічным фестывалі, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Там яна ўбачыла, наколькі людзям патрэбна такая духоўная музыка. На яе прапанову адгукнуліся рэгенты і кіраўнікі хароў беларускай сталіцы. Так з'явіўся наш фестываль".

Фестываль пад дэвізам "Адраджаем культурныя традыцыі" пройдзе на дзвюх пляцоўках: на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Адкрые фестываль 9 сакавіка гала-канцэрт у Акадэміі музыкі, у час якога можна будзе пачуць хор прыхода Храма Благавернага князя Аляксандра Неўскага, брацкі хор Свята-Лізавецінскага манастыра, студэнцкі хор акадэміі. 13 сакавіка адбудзецца канцэрт у БДПУ, удзельнікамі якога стануць студэнцкі хор універсітэта Gaudeamus, народны акадэмічны хор "Белая вежа" Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэа, хор храма ў гонар свяціцеля Мікалая Японскага. Завершыцца фестываль 23 сакавіка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы дабрачынным канцэртам святочнага хору Свята-Лізавецінскага манастыра.

Акрамя таго, на 14 сакавіка запланавана адкрытая спеўка. Сваімі ведамі і вопытам з іншымі рэгентамі і пеўчымі, прафесійнымі музыкантамі, а таксама з тымі, хто навучаецца ў духоўных вучылішчах і рэгенцкіх класах, падзіцца манашка Іуліянія. Практычны занятак пройдзе ў Мінскай духоўнай семінарыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі