Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 красавіка 2021, 16:18

Вечар памяці беларускага скульптара Мікалая Несцярэўскага прайшоў у НББ

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вечар памяці вядомага беларускага мастака-кераміста, скульптара, жывапісца Мікалая Несцярэўскага прайшоў 8 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мікалаю Несцярэўскаму 31 сакавіка 2021 года павінна было споўніцца 90 гадоў, і да гэтай юбілейнай даты планавалася арганізаваць выстаўку. На жаль, 25 сакавіка мастака не стала. Тым не менш мы прывезлі экспазіцыю ў Мінск", - расказала дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева.

На выстаўцы "Беларусь. Асобы" прадстаўлена 50 работ. "Мы вельмі хацелі б, каб аўтар сам прэзентаваў гэты праект. На жаль, час няўмольны. Ён пражыў доўгае і дастойнае жыццё. Аднак мы адчуваем яго прысутнасць, нездарма ж кажуць, што мастак жыве ў сваіх творах, - адзначыла загадчыца аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці НББ Ірына Васільковіч. - Нягледзячы на тое, што Мікалай Несцярэўскі - кераміст-манументаліст, з 1991 года ён захапіўся жывапісам. У асноўным на выстаўцы можна ўбачыць яго барэльефы, пейзажы, нацюрморты, партрэты, у якіх адлюстраваны вобразы роднай краіны".

Паводле слоў намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў Андрэя Басалыгі, Мікалай Несцярэўскі з асаблівым хваляваннем рыхтаваўся да выстаўкі. "Ён вельмі перажываў, часта тэлефанаваў і пытаўся, ці ўсё будзе добра, - расказаў ён. - На мой погляд, адны з самых значных яго работ - барэльефныя партрэты знакамітых дзеячаў беларускай гісторыі і культуры - гэта тытанічная, манументальная праца. У той жа час, калі глядзіш на яго жывапісныя карціны, адразу разумееш, што майстар ствараў іх ад душы".

На мерапрыемстве прэзентавалі каталог "Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі. Кераміка. Жывапіс. Скульптура. "Я яшчэ не ўсё зрабіў...". Выданне адлюстроўвае шматгранны талент мастака ў раздзелах "Бюсты", "Эскізы", "Скульптура", "Жывапіс", "Іконы", "Помнікі", "Вітражы", паказвае жыццёвы шлях дзеяча культуры, фатаграфіі з яго архіва і ўспаміны сваякоў.

Удзел у вечары прынялі сын мастака Сяргей Несцярэўскі, а таксама былы дырэктар Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Фёдар Красюк.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі саюз мастакоў і Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей.

Мікалай Несцярэўскі - беларускі мастак, кераміст, скульптар, вядомы барэльефнымі партрэтамі легендарных для Беларусі асоб, аўтар дэкаратыўных пано і скульптур, якія ўпрыгожваюць станцыю метро "Плошча Якуба Коласа" ў Мінску. Яго работы экспануюцца і захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. Творчасць мастака, яго шматгранны талент адзначаны шэрагам узнагарод, у ліку якіх медаль "За заслугі ў выяўленчым мастацтве" Беларускага саюза мастакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі