Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 мая 2021, 09:15

Вечар музыкатэрапіі пройдзе 3 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэлакс-праграма "Музыкатэрапія праз класіку" прагучыць 3 чэрвеня на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

"Гэта ўнікальнае спалучэнне бесперапыннага гучання шэдэўраў класічнай музыкі з асобымі гукатэрапеўтычнымі інструментамі, якія аказваюць гарманізуючы ўплыў на чалавека. У гэтым незвычайным фармаце музыка не проста дастаўляе эстэтычнае задавальненне, але і дае магчымасць дасягнуць стану глыбокага расслаблення і аднаўлення", - адзначылі ў філармоніі.

Арганізатары расказалі, што праграма будзе праводзіцца пры свечках, з прыглушаным святлом і акрамя гучання класікі гледачы змогуць назіраць на вялікім экране відэарад з відамі космасу, прыроды і шэдэўраў жывапісу. "Мы таксама раскажам пра дабратворны ўплыў інструментаў на арганізм і псіхіку чалавека. Важнай асаблівасцю канцэрта стане гучанне вялікага канцэртнага аргана, аднаго з самых вялікіх у краінах СНД, які складаецца з больш як 6 тыс. труб. Гукі гэтага велічнага інструмента ва ўсе стагоддзі лічыліся карыснымі для энергетыкі чалавека і з'яўляліся правадніком "зямля - космас", - упэўнены ва ўстанове.

"Таксама госці пачуюць вельмі рэдкае гучанне аркестравага гонга. Гэтаму незвычайнаму музычнаму інструменту прыпісваюць карысны эфект для цела на клетачным узроўні. А дзякуючы музычным астраўкам, якія будуць расстаўлены па зале, створыцца эфект аб'ёмнага, ахінальнага гучання. На гэтых астраўках будуць гучаць самыя спрыяльныя для арганізма гукатэрапеўтычныя інструменты - тыбецкія спяваючыя чашы, званочкі Кошы, караталы, чакрафоны, а таксама шум дажджу і акіяна", - расказалі ў філармоніі.

У праграме прагучыць музыка для аргана, раяля, флейты, клавесіна і віяланчэлі самых вядомых кампазітараў усіх часоў, музычную спадчыну якіх ведаюць і цэняць ва ўсіх кутках зямнога шара: Георга Фрыдрыха Гендэля, Іагана Себасцьяна Баха, Вольфганга Амадэя Моцарта, Сяргея Рахманінава.

"Музыкатэрапія праз класіку - новы для Беларусі напрамак раскрыцця патэнцыялу класічнай музыкі для гарманізацыі эмацыянальнага, псіхічнага і фізічнага стану чалавека. Цэнтр музыкатэрапіі працуе з 2019 года і аб'ядноўвае вядучых гукатэрапеўтаў і прафесійных музыкантаў краіны, а таксама супрацоўнічае з міжнароднымі інстытутамі Расіі, Украіны, Амерыкі і Аўстраліі", - падкрэслілі арганізатары.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі