Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 жніўня 2021, 13:02

Вечар ірландскай культуры прайшоў у літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа

20 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вечар, прысвечаны творчасці ірландскага паэта і драматурга Уільяма Ейтса, прайшоў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Уільям Ейтс і Якуб Колас лічацца народнымі паэтамі і сапраўднымі арганізатарамі духоўнага адраджэння, якія любілі свае краіны і натхняліся іх фальклорам, - расказала намеснік старшыні таварыства "Беларусь - Ірландыя" Марыя Міцкевіч. - Быў у іх жыцці час, калі трэба было выехаць з родных мясцін. Якуб Колас у час Першай сусветнай вайны вельмі перажываў расстанне з домам, аб чым гавораць яго вершы. Напрыклад, з паэмы "Новая зямля" - "О край мой мілы! Ўсёй душою, хачу злучыцца я з табою". Тое ж самае ёсць і ў лірыцы Ейтса. Яны абодва пісалі на тэмы філасофіі жыцця, адлюстравання духу народа, яго прыгажосці ў сваёй самабытнасці. Гэта і аб'ядноўвае творчасць паэтаў".

На беларускую мову былі перакладзены аўтабіяграфія, фрагменты дзённікаў, некаторыя вершы і п'еса Уільяма Ейтса "Пясочны гадзіннік".

"Ірландцы нечым падобныя да беларусаў. Адкрытыя, добразычлівыя людзі з вялікай духоўнасцю, якія перажылі многае, але не страцілі любоў да сваёй культуры", - падкрэсліла арганізатар.

Разам з вершаванымі творамі ірландскага драматурга прагучалі вершы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

"Хоць Ірландыя меншая, чым Беларусь, яна вядомая сваімі Нобелеўскімі лаўрэатамі. Аднак у іх не толькі багатая літаратура, краіна цікавая сваім самабытным танцам і музыкай", - дадала Марыя Міцкевіч.

На мерапрыемстве прайшоў канцэрт ірландскай музыкі, танцаў і майстар-клас з удзелам клуба Bassdance Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

"Мы падрыхтавалі для сённяшняй праграмы два танцы. Першы - вясёлы і жартоўны, у ім дзеці паказваюць лепрэконаў - міфічных істот з Ірландыі. Другі танец з'яўляецца традыцыйным сэтам. Яго прыдумалі ў XIX стагоддзі і называецца ён "Дзень Святога Патрыка" ў гонар аднаго з галоўных ірландскіх свят", - падзялілася выкладчык школы ірландскіх танцаў Bassdance Алёна Козіч.

Арганізавала свята Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі "Беларусь - Ірландыя".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі