Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 сакавіка 2020, 17:49

VAL: песню "Да вiдна" спачатку абкаталі на нашай камандзе і фокус-групе

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2020" - праект VAL у асобе Валерыі Грыбусавай і мультыінструменталіста Уладзіслава Пашкевіча сталі сёння ўдзельнікамі анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як прызналіся пераможцы нацыянальнага адбору, "Да вiдна" - гэта іх першая песня на роднай мове. "Мы самі пісалі гэту песню. Год таму з'явіліся накіды на вершы маёй сяброўкі Вольгі Белавусавай, - расказала Валерыя Грыбусава. - Версія была мінорная, сур'ёзная, драматычная, а потым яна стала мінорна-мажорная. Крыху дадалі танцаў, весялосці. Вядома, немагчыма не сказаць пра беларускі тэкст. Яго напісаў Мікіта Найдзёнаў. Ён адчуў тое, што мы хочам данесці".

Тэкст атрымаўся даволі глыбокі, з пэўнымі паэтычнымі прыёмамі. "У першую чаргу песню абкатвалі на нашай камандзе і фокус-групе. Паказалі Андрэю Каліне - нашаму прадзюсару", - адзначыў Уладзіслаў Пашкевіч.

"Паказвалі, вядома, нашым сябрам-музыкантам. Да праслухоўвання нацыянальнага адбору "Еўрабачання-2020" нідзе трэк не выконвалі. Тады адбылася прэм'ера. А пасля таго, як апынуліся сярод 12 фіналістаў, у лютым ужо даволі часта з ёю выступалі. З'явіліся варыяцыі кампазіцыі, нават акустычная версія, - падкрэсліла Валерыя. - Мне вельмі падабаецца наша каманда, яна цудоўная. І тое, што цяпер у нас такі поспех, - заслуга каманды".

Назва дуэта VАL складаецца з імёнаў яго ўдзельнікаў - Улад энд Лера. "Прыдумала яго мая бабуля. А разам як праект мы амаль 4 гады", - дадаў Уладзіслаў.

Большасць гледачоў гала-канцэрта адзначылі арыгінальны вобраз Валерыі. "Галаўны ўбор - гэта тварэнне Каці VEDOVKA, беларускага дызайнера. Завушніцы - таксама яе работа, - сказала выканаўца. - Мы сумесна прыдумалі такі аксесуар, і ў цэлым у нас здарыўся такі ўзаемны энергаабмен". Пры гэтым спявачка не раскрыла тайну, ці ўбачаць яе галаўны ўбор еўрапейскія гледачы. "Думаю, што наша каманда да конкурсу будзе пашырацца. Пакуль мы ў працэсе абмеркавання, хто дабавіцца да нас у Ратэрдам", - адзначыла Валерыя.

Фінал нацадбору на конкурс песні "Еўрабачанне-2020" адбыўся 28 лютага ў самым вялікім павільёне нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і трансліраваўся ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Усяго на пуцёўку прэтэндавалі 12 канкурсантаў. Праекту VAL удалося атрымаць найбольшую колькасць балаў ад прафесійнага журы і гледачоў - 20 з 24 магчымых. Другое месца падзялілі CHAKRAS і Ян Яраш, якія набралі па 18 балаў.

65-ы конкурс песні "Еўрабачанне" ў гэтым годзе адбудзецца ў Ратэрдаме (Нідэрланды). Першы паўфінал, дзе выступіць прадстаўнік Беларусі, пройдзе 12 мая, другі - 14 мая. Фінал запланаваны на 16 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі