Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 снежня 2020, 16:31

Вакальна-інструментальная група ансамбля "Харошкі" запрашае на музычныя вечары 20-23 снежня

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Музычныя вечары вакальна-інструментальнай групы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" пройдуць 20-23 снежня ў Доме літаратара, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ансамблі.

"У праграму ўключаны, зразумела, песні каляднай тэматыкі. Хоць гэта канцэрт вакальна-інструментальнай групы, але будзе прадстаўлена і некалькі балетных нумароў. Гэта наша класіка, вядомыя і папулярныя нумары "Харошак", напрыклад, "Віцебская полька", "Пастушок", - расказалі ў ансамблі. З нумарам "Барыня" выступіць заслужаны артыст Беларусі Фёдар Балабайка, які, нягледзячы на ўзрост, дагэтуль танцуе ў складзе калектыву.

На канцэртах прагучаць як вядомыя, так і прэм'ерныя нумары ансамбля. Большая частка нумароў - гэта песні. Будуць выкананы апрацоўкі народных і аўтарскія творы. Напрыклад, гледачам прадставяць прэм'еры аўтарскіх кампазіцый "А калі той вечар?" і "Дума" Ігара Мельнікава. Падрыхтаваны святочныя кампазіцыі "Каляда", "Разбушуйцеся зімовыя вятры", "Мяцеліца". Уладзімір Гінько выканае "Найгрышы на гармоніку", аўтарам апрацоўкі якіх ён сам з'яўляецца.

"Госці змогуць атрымаць асалоду ад цудоўнай беларускай музыкі, непаўторнага гучання народных інструментаў, мілых сэрцу лірычных песень, віруознага выканання інструментальных кампазіцый, жывой, яркай, мілагучнай роднай мовы", - падкрэслілі ў ансамблі.

Арганізатары нагадваюць аб неабходнасці захавання масачнага рэжыму ў час мерапрыемстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі