27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Упершыню ў гісторыі шоу "Еўрабачанне" вядучымі стануць толькі мужчыны. Інфармацыю аб трох вядучых размясціў афіцыйны сайт міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У ролі вядучых шоу на сцэне ў сталіцы Украіны выйдуць Аляксандр Скічко, Уладзімір Астапчук і Цімур Мірашнічэнка. Маладыя людзі - медыйныя персоны і шырока вядомыя ва Украіне.
Аляксандр і Уладзімір возьмуць на сябе ролю гаспадароў конкурсу і будуць вітаць міжнародную аўдыторыю ў час усіх трох канцэртаў: двух паўфінальных і фіналу. Ім жа трэба будзе аб'явіць імя новага пераможцы самага маштабнага шоу Еўропы. Цімур будзе знаходзіцца ў "зялёным пакоі", дзе разам з артыстамі будзе чакаць вынікаў конкурсу.
Выканаўчы супервайзер конкурсу "Еўрабачанне" Джон Ола Санд лічыць, што перспектыва бачыць на сцэне трох вядучых вельмі цікавая. Ён чакае, што першы вопыт за 62 гады правядзення конкурсу будзе ўдалым, паколькі Алесь, Уладзімір і Цімур маюць дастойныя паслужныя спісы, і спалучэнне іх прафесіяналізму, гумару і імправізацыі дасць магчымасць дапоўніць шоу яркімі фарбамі і зрабіць яго запамінальным.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў Кіеве. Фінал адбудзецца 13 мая, паўфіналы - 9 і 11 мая. Беларусь на "Еўрабачанні-2017" прадставіць група NAVIBAND, якая выступіць у другім паўфінале з песняй "Гісторыя майго жыцця".-0-