Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 снежня 2020, 18:23

Упершыню кераміка Уладзіміра Кандрусевіча прадстаўлена ў музеі-майстэрні Заіра Азгура

16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава керамікі Уладзіміра Кандрусевіча "Сонцастаянне" адкрылася сёння ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Кандрусевіч - беларускі жывапісец, які ўпершыню прадстаўляе сваю кераміку. Паводле слоў куратара выставы Уладзіміра Парфянка, мастак звярнуўся да такога жанру толькі ў гэтым годзе. Асвоіўшы працэс, майстар стварыў серыю талерак. "Спачатку ён рабіў іх для сябе. З работамі Уладзіміра Кандрусевіча я пазнаёміўся праз Facebook. У выніку высветлілася, што іх шмат, яны цікавыя і гэта не проста бытавы прадукт, а ўсё ж такі мастацтва. Так і з'явілася ідэя паказаць серыю ў музеі-майстэрні Заіра Азгура", - расказаў куратар.

"Разглядаючы кераміку Уладзіміра Кандрусевіча, можна гаварыць аб змяшэнні і пашырэнні жанравых межаў. Для беларускага мастацтва гэта цікава і незвычайна. У першую чаргу гэта незвычайнасць заключаецца ў тым, што ён працуе ў жанры прыкладнога мастацтва, а вось тое, што ён наносіць на талеркі, гэта ўжо жывапіс", - адзначыў Уладзімір Парфянок.

На выставе дэманструецца каля 30 твораў мастака. "Гэты праект - работа з глыбіннымі архетыпамі, звязанымі не толькі са славянскімі традыцыямі, але і з усёй гісторыяй чалавечай цывілізацыі, што робіць іх інтуітыўна зразумелымі і пазнавальнымі. Сонцастаянне - найвышэйшая кропка знаходжання сонца над гарызонтам у летні перыяд часу і самая нізкая кропка ў зімовы. У язычніцкіх культах славян і паўночных народаў гэтыя дні лічыліся містычнымі, часам важных змен", - расказалі ў музеі.

Жоўтыя талеркі - увасабленне сонечнага дыска, на якім жаночыя і мужчынскія вобразы, міфалагічныя персанажы. "Гэта стварае ілюзію прыналежнасці да антычнага свету, дзе з дапамогай мастацтва вёўся летапіс падзей. Нейкім чынам гэтыя работы суадносяцца з традыцыяй размалёўкі ёмістасцей у старажытных грэкаў. Гэта дэманструе міф аб творчасці, з якой жыве чалавецтва ўжо не першае стагоддзе", - дадаў Уладзімір Парфянок.

Творы мастака размешчаны ў музеі-майстэрні ў Чорнай зале. "Ярка-жоўтыя сподкі з сінімі фігурамі ў гэтым памяшканні зайгралі больш інтэнсіўна і якасна. Практычна бачны макет неба, па якім рухаецца сонца", - дадаў куратар выставы.

Наведаць экспазіцыю можна па 16 студзеня. Дзейнічае ўзроставае абмежаванне на ўваход 18+.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі