Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 чэрвеня 2021, 11:21

Унікальныя музычныя інструменты прадставілі на выстаўцы ў Віцебску

25 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адкрылася выстаўка-конкурс народных інструментаў паўночнага рэгіёна "Чароўныя гукі майстэрства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Музычныя інструменты - яркая і самабытная з'ява ў культуры Беларусі. Нашы продкі выкарыстоўвалі іх не толькі на святы, але і ў штодзённым жыцці. На выстаўцы можна ўбачыць больш за 100 народных інструментаў і мастацкіх работ, якія адлюстроўваюць альбо сам інструмент, альбо музыканта з ім.

З раёнаў Віцебскай вобласці прывезлі інструменты струнныя і духавыя, ударныя і мембранныя, а таксама якія здольны самагучаць. Гэта цымбалы, трашчоткі, лыжкі, гуслі, скрыпкі, жалейкі, колавая ліра. Некаторыя экспанаты родам з XIX стагоддзя.

Кожны прадмет мае сваю гісторыю, асаблівасці і гучанне. У народзе цаніліся музыканты, але тыя, хто ўмеў іх рабіць, былі не менш паважанымі. Адзін з самых незвычайных інструментаў - дуда. У традыцыйнай культуры беларусаў гэта рытуальны мужчынскі інструмент. Дуда мела найвышэйшы сакральны статус, таму што яе мяшок выраблялі з ахвярнай жывёлы.

На адкрыцці можна было паслухаць сапраўдныя вясковыя мелодыі на інструментах ад вопытных (Аляксандра Вішнякова) і маладых выканаўцаў (Германа Бандарэнкі і Руслана Стэльмаха). Адметнасцю выстаўкі стала ігра на жытнім коласе.

Таксама сёння ў цэнтры народнай творчасці адкрылася персанальная выстаўка "Час лялек" народнага майстра Беларусі з Лепеля Наталлі Петуховай. Яе калекцыя складаецца з 30 лялек, апранутых у народныя касцюмы з выкарыстаннем ручной вышыўкі, ткацтва, у тым ліку зробленага па аўтарскай тэхналогіі.

Дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука адзначыла, што Віцебшчына багатая на таленты. Прыемна, што захоўваецца пераемнасць і сувязь пакаленняў. "У гэтым годзе ў нас юбілейны "Славянскі базар", прыедуць госці. Нам хацелася паказаць дзве выстаўкі, каб людзі паглядзелі на каларыт беларускага строю, палітру фарбаў, якія ў ім дэталі, - сказала яна. - Таксама ў час фестывалю на выстаўцы-конкурсе можна ўбачыць унікальныя народныя музычныя інструменты".

Вынікі творчага спаборніцтва "Чароўныя гукі майстэрства" падвядуць на "Славянскім базары". Абедзве выстаўкі будуць працаваць да 19 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі