1 снежня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. У выставачнай зале Музея гісторыі горада Магілёва 2 снежня адбудзецца прэзентацыя нявыданай унікальнай анталогіі "Магілёўскі фотаальбом. 1864-2000", якая расказвае аб гісторыі фатаграфіі ў Магілёве як самастойнага віду творчасці з сярэдзіны XIX стагоддзя і да 2000 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў музеі.
Упершыню будзе зроблена спроба прасачыць развіццё фотамастацтва ад самых першых крокаў у рэгіёне, якім з'яўляецца Магілёў. Пік росквіту магілёўскай творчай фатаграфіі прыпаў на апошнюю чвэрць ХХ стагоддзя. Яна грунтавалася на агульнасусветным вопыце, пры гэтым мела сваю мясцовую гісторыю ў асобе бытавых фатографаў дарэвалюцыйнага і даваеннага перыядаў, а таксама ў асобе спецыялістаў бытавых фотаатэлье, фотажурналістаў і фотааматараў сярэдзіны ХХ стагоддзя. Пошук і падбор ілюстрацый ажыццяўляўся як у музейных архівах, так і ў сямейных альбомах і архівах калекцыянераў.
"Кожны са здымкаў адлюстроўвае дух часу з яго непаўторнасцю. Альбом жа ў цэлым расказвае не толькі аб магілёўскай чорна-белай фатаграфіі, яе аўтарах, але і паказвае гісторыю горада і яго жыхароў. Некаторыя ўнікальныя фота будуць прадстаўлены для агляду шырокай публіцы ўпершыню", - адзначылі субяседнікі.
Складальнікамі кнігі з'яўляюцца магілёўскія журналісты і фатографы Ірына Савосіна і Аляксандр Ліцін. Дызайн кнігі ажыццявіў Генадзь Карчэўскі. Неацэнную дапамогу ў падрыхтоўцы альбома аказаў старшыня магілёўскага народнага фотаклуба "Вясёлка", вядомы магілёўскі фатограф Анатоль Талкачоў.
Прэзентацыю ілюструе вялікая выстаўка фатаграфічных работ магілёўскіх аўтараў, якая ахоплівае перыяд з другой палавіны XIX стагоддзя і да 2000 года ўключна.
Выстаўка разлічана на ўсіх, хто цікавіцца фатаграфічнай творчасцю і гісторыяй горада Магілёва.-0-